Читать «Варона» онлайн - страница 34

Васіль Ткачоў

Астап зазірнуў у нашы кашы, пахваліў:

– Малайцом. Адкуль жа будзеце, гвардзейцы?

– З Сасноўкі, – адказаў Петрык.

– І чые ж? – Астап таксама сеў побач з намі.

Трэба будзе расказаць, чые мы, тады хутчэй гармонь аддасць, і хоць нашыя бацькі не вялікія начальнікі, але дурной славы ў наваколлі не маюць, і гэта, рашыў я, павінна падзейнічаць на дзеда. Пра ўсе беды-напасці таксама не забыцца б. У мяне мамы няма, у Петрыка таты... Яшчэ невядома, ці вернецца і мой тата з вайны... Няма ж вестак. І мы ўсімі гэтымі фактамі прыціснулі, здавалася, Астапа да сцяны: гармонь нам, дзед! Стары ж, слухаючы нас, хехекаў, хітаў галавою, іншы раз твар у яго лагаднеў, а больш быў суровы і задумлівы:

– Э-ге... Так-так... Ай-яй-яй!.. Няўжо?.. Хіба?.. Адкуль, здавалася б?.. І столькі на такія кволыя плечы?.. Дзе справядлівасць?.. Хто скажа?.. Э-ге!..

А паднімаючыся з зямлі, сказаў:

– Трымайцеся, хлопцы.

Петрык падаў знак, каб я заводзіў гамонку пра гармонік. Пара. А то позна будзе. З дзедам, канешне ж, не з дзядзькам Хвядосам пра Дзмітрыя размаўляць, тут неяк прасцей, і я пачаў здалёк:

– Трымаліся б мы яшчэ, дзед, лепш і больш стойка...

– Ага, – падтакнуў і Петрык.

– ... каб вы нам дапамаглі ў тым.

– А ў чым, цікава? – Астап зноў сеў на ўзгорачак. – Слухаю, землячкі.

– Гармонікам! – вырвалася ў мяне, і я не спалохаўся, што так усё знянацку атрымалася, а абрадаваўся: як кажа дзед Грышка, быка адразу трэба браць за рогі. Быццам і я ўзяў.

Пачуўшы пра гармонік, Астап насцярожыўся:

– А навошта ён вам?

– Граць будзем! – гукнуў Петрык.

– А ці ўмееце? – адразу ж пацікавіўся Астап, і я павесялеў: размова, здаецца, ідзе так, як і трэба...

Тут якраз такая сітуацыя, калі варта гаварыць праўду: скажаш, што ўмеем, ён жа лёгка праверыць. Нічога не заставалася, як сказаць праўду:

– Не.

– Ну, вось бачыце! Не. Гэта ўсё роўна, што мне даць самалёт. Што я з ім рабіць буду?

Амаль у адзін голас мы паабяцалі Астапу навучыцца, але гэта не падзейнічала, ён зноў падняўся і сказаў:

– Як навучыцеся граць, тады прыходзьце.

Петрык ледзь не захлімкаў:

– Дык а дзе ж мы навучымся, дзед Астап? У нас жа няма на чым вучыцца.

Астап зноў сеў:

– Таксама разумна. Калі ўжо хочаце так навучыцца на гармоніку рыпаць, прыходзьце і вучыцеся. А даць проста так гармонік не магу – рэч дарагая. З ёй у мяне багата чаго звязана. Гэта каб у музей, дык аддаў бы і не думаў багата. Вось што я вам скажу, хлопцы. Думайце!

Настрой цалкам сапсаваўся. Хоць і навучышся граць на тым гармоніку ў Астапа, то хто ж будзе ведаць пра гэта. Ды і гармоніка ён не дасць за парог вынесці, калі з ім у Астапа многа чаго звязана. Адно – трата часу, а тут жа трэба дзейнічаць рашуча, каб выкурыць Кастуся з нашай вёскі.

Мы паабяцалі падумаць над прапановай дзеда Астапа і развіталіся. Па дарозе, праўда, пашкадавалі, што не занеслі яму ў хату свае грыбы. Для сябе знайшлі б яшчэ – сёлета іх у лесе дужа багата.

Не атрымалася з гармонікам, тады я пайшоў яшчэ на адну хітрасць. Было не было. А што ж, чакаць, калі Сцяпан, сын Хвядоса, вернецца да разбітага карыта? Ну, не-е!

Як было і задумана, я сядзеў на двары і стругаў сцізорыкам палку. Нарэшце паказалася Раіса з бялізнай, якую яна сабралася развешваць на вяроўцы – сушыцца. Павіталіся кіўком галавы. Раіса папытала: