Читать «Варона» онлайн - страница 3

Васіль Ткачоў

Дзядзька Хвядос захваляваўся:

– Ды вось... трэба. Вы сядайце, сядайце бліжэй да чыгунка.

Цётка Лізавета выцерла аб спадніцу рукі, паскардзілася:

– Колькі і вясны тае, а ўжо пустазелле прэ – спасу няма.

Варка заглянула ў чыгунок, і твар яе засвяціўся:

– Ніяк бульбы наварыў, Хвядос?!

– Бульбы. Вы частуйцеся, частуйцеся. І есці хочацца, а ў рот не лезе. Калі ж адзін. Прывык на фронце гуртам.

– Там – калектыў! – з веданнем справы засведчыў Мікіта.

– Дружна жылі, – кіўнуў дзядзька Хвядос. – Ага. Гэта праўда. Іначай як бы мы з тым фрыцам змагаліся?

Варка пальцамі націснула на бульбіну, тая і рассыпалася.

– Гляньце, разварылася як! – выпнула грудзі яна. – Гляньце!

Лізавета асцярожна папытала:

– Хвядос, няйначай, з сабой яе прывёз, бульбу? З вайны?

– Угадала, суседка, – цыўнуў вейкамі дзядзька Хвядос. – Прывёз. Не тое, каб ад голаду – харч такі-сякі ў мяху быў – а так... захацелася ў руках яе патрымаць. Дай, думаю, памяняю махорку на бульбу. Старгаваўся. І пакуль ішоў да хаты з шашы, амаль увесь час перабіраў бульбу рукамі. Прысяду адпачыць, а рука сама лезе ў мех, роднае чуе. Налюбавацца не мог бульбай.

Мне было цікава слухаць, аб чым гамоняць старэйшыя. Я сядзеў на печы, звесіў з чарэні ногі і са смакам еў бульбіну, якую падаў мне дзядзька Хвядос.

Мікіта тым часам сеў, залізаў языком шво на самакрутцы, ціха мовіў:

– Была махорка, ды сплыла. А цішыня – вось яна... Бярыце, карыстайцеся, людзі. Калі салдат махру памяняў на бульбу – будзе цішыня...

Лізавета змахнула слязу са шчакі:

– Дай ты божанька, дай ты родненькі!..

Мікіта пыхнуў дымком, вочы яго павесялелі. Ён працягваў:

– Багата шкоды нарабіў хрыц. Паныюць яшчэ і рукі, патрашчаць і косці, пакуль да ладу прыб’ёмся. Я мех ячменю закапаў пе-рад прыходам немцаў у свіране... калгасны мех. Неяк думаю – па-ра, можна вымаць. Зазірнуў туды – дулю з макам. Усю зямлю пе-раштыкаваў – няма-а! От! Падгледзеў хто, ці як разумець?

Дзядзька Хвядос трывожна глянуў на Мікіту:

– А хто б мог?

– Хочаш вер, хочаш не, – аблізала губы Варка, – а я на Тамаша думаю. Паглядзіце, як ён змяніўся ў апошні час. Быццам другі чалавек. Быццам падмянілі. Людзей пазбягае, хаваецца. Як кот, які смятану з’еў.

Мікіта зацягнуўся дымком, годна адказаў:

– За руку не цапнуў.

А Лізавета ела бульбу, хітала галавою, прыцмокваючы языком:

– А і смачная ў цябе махорка, Хвядос! Век, здаецца, такой не ела!

Дзядзька Хвядос на тое адказаў:

– Ты еш, еш, Ліза. І ты, Варка, не сядзі. Націскайце.

– Ды мы ж... Ці багата нам трэба? – быццам апраўдвалася Варка.

– Да гэтай бульбы ды скварачку б! – уздыхнула Лізавета.

Мікіта прыцмокнуў:

– О-о-о-о!

А дзядзька Хвядос хітравата прыжмурыў вочы:

– Скварачку, гаворыце? Не пашкодзіла б.

Варка раптам разанула паветра рукой:

– Ай! Пачакайце. Я зараз.

І знікла. Хвядос правёў жанчыну позіркам, спытаў:

– Аўдавела?

– Даўно, – нахмурыў бровы Мікіта.

– Усё роўна чакае, – скасіўшы вочы ў той бок, дзе схавалася за парканчыкам Варка, мовіла Лізавета. – А раптам? Верыць і чакае. А можа, і вернецца. У Зімніцы вунь адзін вярнуўся. Перадалі бабе, што ў партызанах муж загінуў, а ён пасля вызвалення раёна вярнуўся. Ой, лепш не ўспамінаць. Ідзе ў шынялі ў вёску, вечарам якраз, уяўляе, бедачына, як любая жонка кінецца ў ягоныя абдымкі. Падступіўся да акна – паляпаць, мусібыць, сабраўся, знак падаць, каб тая ад нечаканасці прытомнасць не згубіла – і вачам не верыць: сядзіць баба за сталом з другім мужыком, вячэраюць. Вось. Ды што гаварыць? Такі ўжо ў нас, баб, лёс: не ведаеш, дзе згубіш, а дзе знойдзеш.