Читать «Варона» онлайн - страница 6

Васіль Ткачоў

– Будзем з жытам. А цяпер, бабы, бярыце лапаты, пойдзем забітых хаваць… І сваіх, і чужых…

– Дзякуй за бульбу табе, Хвядос, – парушыла маўчанне нарэшце Лізавета і борздзенька падалася да свайго селішча.

Хвядос сказаў ёй услед на поўным сур’ёзе:

– Што мне? Ты, маладзіца, печы вунь скажы добрае слова. Ёсць печ – будзе і бульба, будзе і хлеб...

2. ЖАНІХ

На печы я абжыўся, а сама печ стала цэнтрам вясковага жыцця – як раней клець каля калгаснай канюшні, у якой віселі хамуты, сядзёлкі, вожкі і самая розная іншая вупраж. Коні, як і мужчыны, на фронце, калі толькі не пабілі іх, а вупраж дзе, толкам ніхто, здаецца, і не ведае. Акрамя, можа, Мікіты. Той, хоць і будзе ведаць, але язык за зубамі ўмее трымаць: камандаваць партызанскім атрадам не кожнаму давераць. Дзед Грышка, аднак, пра Мікітаў атрад не дужа высокай думкі: «Гэта каб яны мяне ўзялі ў штат, неслухі, я б іх адукаваў. А так!..» Потым ён пачынае хваліцца, як даваў перцу супастатам у імперыялістычную. Можа, і даваў, але хто бачыў? Таксама скажаш, дзед! Ці не хлусіш? Ды і дзе твае медалі? Калі б добра ваяваў, то не хваліўся б, а ўзнагароды на пінжак – і ўсе бачаць без тваіх слоў, што ты не абы-хто, а герой.

Вось і ў той дзень каля печы зноў сабраліся вяскоўцы. Прытупаў і дзед Грышка, гопнуўся на бервяно, паклаў на калена шапку і паскардзіўся:

– Няма здароўя. Зусім зачах. Цікава-інцярэсна. А бывала ж!..

Пра тое, што з дзедам было раней, не цяжка здагадацца: быў і ён арлом. Хоць і цяпер стары не-не ды і пусціцца ў скокі, бы малады жарабок. Бывае. Толькі крэкча тады, сапе, вываліўшы з роту язык: «Ой, паміраю, ратуйце...» Але не памірае – жыве. І добра, што жыве, бо без дзеда Грышкі было б сумна ў нашай Сасноўцы.

– Ну, што яшчэ скажаш? – глядзіць на старога дзядзька Хвядос. – Што здароўя няма, мы чулі.

– А тое скажу, што пакуль твой Сцяпан немцу мырмалку трэ, да ягонай нявесты Раюхі нейкі танкіст з перавязанай галавой капыты падбівае, э-ге, – прамовіў дзед і нацягнуў на галаву шапку. – Прымай ме-ры. Спакусіць. Ужо другі дзень трэцца каля яе, а ты аслеп, ці што? Гэ-та што я бачу. А мо і раней прыбягаў? Па гародчыку – шасць, і ў Раю-хі. І шыта-крыта. Каб маладзейшы быў, прасачыў бы, з якой ён вёскі. Але хлапец, скажу вам, жвавы!.. Ой, наробіць шкоды!.. І сёння, я ж і кажу, прытупаў да дзеўкі. Ніякой канспірацыі. Глядзі, Хвядос!..

Хвядос моўчкі ўзяў чыгунок, наліў у яго вады і вілачнікам пры-ткнуў да дроў, што браліся ў печы полымем.

– Няма ж пісьма ад Сцяпана, – горка вымавіў ён нарэшце. – Пасля вызвалення ўсе, хто жывы, ужо напісалі.

Цяжка было гэта чуць усім. І мне. Але ж пахавальнай няма! Вернецца Сцяпан. І як жа так? Няўжо дзед Грышка не хлусіць? І хто ён, гэты танкіст, адкуль узяўся? Яшчэ не хапала, каб забраў Раісу, Сцяпанаву нявесту. Я сам не аднойчы бачыў, як да вайны Хвядосаў сын гужам увіваўся за прыгажуняй Раісай, а яна заўсёды яму ўсміхалася – так, як нявеста жаніху. А тут такое сказануў стары! Я не вытрымаў, пабег шукаць таго танкіста, каб хоць глянуць, што там за шышка такая. Не можа быць, каб ён быў вышэйшы за Сцяпана.