Читать «Варона» онлайн - страница 2

Васіль Ткачоў

Дзядзька Хвядос тыцнуў кудысьці ўбок дулю, і я здагадаўся, каму яна прызначалася. Атрымлівайце ад салдата!

Раптам Хвядос павярнуўся да куста, у якім я сядзеў, бы мыш пад венікам, баючыся дыхнуць і варухнуцца, і загадаў:

– Вылазь, Мікола, ды ўзбірайся на печ. Там мая шынэлка. Там – цёплая чарэнь: я сёння бульбу варыў. Падам і табе. Вылазь, вылазь. Мяне няма чаго баяцца. Гэта немец мяне баяўся. А ты ж – свой, тым больш – сусед. Ды і прозвішча ў нас адно – Сталетавы мы…

Мне нічога не заставалася, як паказацца. Дзядзька Хвядос паціснуў маю далонь:

– Ну, будзем здаровы. Бачу, бачу, што з вашай хатай. І маці, сказалі, тады загінула?

Я кіўнуў.

– Гэта вялікае гора… Трымайся, Колька. Трымайся. Бачыш, няма і ў мяне пакуль даху над галавой. Таму, сусед, давай разам жыць будзем. Калі ты не супраць. На печы. Згода?

– Давайце, – кіўнуў я.

– Скачы ад печы, жэўжык. Яна, як і хлеб, – усяму галава. Залазь. Змерз, бачу. А пазней зямлянку выкапаем. На першы час – пакуль да хаты рукі дойдуць.

На печы і сапраўды было цёпла. Але ж і на дварэ не холадна. Наўсцяж буялі кветам пладовыя дрэвы. Свяціла сонейка. Таму я, спярша паляжаўшы на дзядзькавым шынялі, устаў і дзівіўся, што робіцца вакол. З печы далёка відаць. Убачыў Петрыка. Ён нёс у хату ад калодзежа вядро з вадой.

Мне зрабілася няёмка: што ж атрымліваецца, я здрадзіў яму, цёт-цы Матруне? Дзядзька ж Хвядос прапанаваў жыць разам. На печы. А чым кепска? Ды і хата ж мая побач. Хата была, а вось агарод і сад засталіся. І тады атрымаецца, што я патрохі вяртаюся на сваё селішча. А прыйдзе з вайны тата, мы і хату паставім.

А Петрыку і цётцы Матруне дзякуй. Толькі як сказаць, што я пакідаю іх? Няпроста. Аднак трэба будзе набрацца смеласці і прызнацца.

З таго дня, калі не стала мамы і хаты, я жыў у Петрыка. Цётка Матруна чым магла, карміла нас, а калі заслугоўвалі, па чарзе дзя-жыла ручніком, які чамусьці заўсёды вісеў у яе на плячы: «А куды ж вы лезеце, шалапутныя? Ці жыць надакучыла, папытаць бы? Па-помніце мой ручнік! Ён цяжкаваты! Ім снапы малаціць можна! А вось вам! А вось! І табе, Колька, не крыўдуй, за кампанію... Заместа маткі. Мы з ёй дружылі-і!» Яна малаціла нас ручніком, мы прыкідваліся, быццам нам і сапраўды балюча немаведама як, круціліся, што тыя ўюны на патэльні, войкалі-ахалі, а сустрэўшыся позіркамі з сябруком, пераміргваліся: усё нармальна!

Петрыкаў тата, дзядзька Іван, хварэў, і яго не стала яшчэ да вайны. Петрык шкадаваў маці.

А тым часам дзядзька Хвядос паляпаў па рэйцы, што вісела непадалёк ад печы на слупе. І паклікаў:

– Мікіта-а! Зазірні-тка да мяне. Лізавета-а! Хопіць табе на агародзе корпацца! Давай сюды! Варка-а! Дзе ты там, дзеўка?

Бач ты: дзеўка! Цётка Варка – і дзеўка? Але хай будзе і так, няма калі cпрачацца з дзядзькам, бо з розных бакоў да печы неўзабаве сталі падыходзіць усе, каго ён паклікаў.

– Абжываешся, сусед? – кіўнуў на печ Мікіта.