Читать «Варона» онлайн - страница 5

Васіль Ткачоў

Мікіта скрывіўся, ёрзнуў на бервяне:

– Кацярына, ты пасядзі, адпачні з намі. Бульбы паеш.

Кацярына не пагадзілася:

– Некалі мне. Міколка чакае.

– Пасядзі, пасядзі з намі, – прапанавала Кацярыне і Варка.

Кацярына пагрозліва тарганулася, сказала Варцы гнеўна і рашуча:

– Ты ў сваім сэрцы смерць носіш!

– Каця! – гучна сказала Варка і перахрысцілася. – Што ты такое гаворыш? Ой, людзі!..

– Твой муж дзе? А мой дамоў вяртаецца. Жывы. Назусім. Жывы-ы!

Дзядзька Хвядос сказаў ціха і памяркоўна:

– Няхай ідзе. Няхай сустрэне.

Аддаляючыся ад людзей, Кацярына азіралася і шаптала:

– Міколка чакае... На шляху сядзіць... Нагу нацёр... Жывы... Жывы Міколка...

Мікіта злосна плюнуў:

– Праклятушчая вайна! Што зрабіла з чалавекам? Што нарабіла з людзьмі?

Лізавета заплакала, давілася слязамі, але нагадала дзядзьку Хвядосу пра тое, аб чым я добра ведаў. Але няхай лепш яна раскажа. Я, мусіць, і не змог бы: расплакаўся б, гэта дакладна. А Лізавета толькі шморгала зрэдчас носам і гаварыла ледзь не ў самае вуха Хвядосу:

– Ну хто б на яе месцы перажыў смерць дзетак? Яна ж, Кацярына, сувязной у атрадзе была... у Мікіты... Прыйшла дамоў, а яе чакалі... Данёс нехта... Дзетак па расточку во так паставілі... і з большанькага, Сяргейкі, пачалі... Дапытваліся ўсё, дзе партызаны... А калі да меншанькай чарга дайшла, тут Кацярына і зусім не вытрымала, у ногі немцам кінулася, крычаць пачала. А тады адразу быццам анямела. І пра дзяцей забылася. Устала і пайшла... Забілі, гады, без кулі чалавека.

Варка ўздыхнула:

– Госпадзі, і як яна далей жыць будзе?

– Не ўбераглі мы яе, Кацю, – паскроб лысіну Мікіта. – Мая віна ў тым, што дзяцей не паспелі схаваць. Можа ёй... вось такой і лягчэй пасля ўсяго, што здарылася?

Хвядос нялюба глянуў на Мікіту, ледзь не сілком вырваў у таго з роту недакурак, зацягнуўся:

– Разумны ты чалавек, Мікіта, а глупствы кажаш. Як гэта лягчэй? Няшчасны яна чалавек, Кацярына. А ўяві, Мікола вернецца, калі на фронце ацалее. Ні дзяцей, ні жонкі... Маўчыш? Ну правільна, я і сам не ведаю, што тут сказаць можна. А што тут казаць! Трэба рабіць нешта... неяк дапамагчы ёй на гэтым свеце ўтрымацца.

Прытупаў да печы і дзед Грышка. Змахнуў з галавы сваю аблезлую шапку, пакланіўся, павітаўся і сказаў:

– Вясна-красна, а нешта сумна…

Усе памаўчалі. Жанчыны, відаць, адразу ўспомнілі, як радаваўся стары, калі прагналі з вёскі немцаў, і ў той жа час бедаваў, бо гэта ж пад ягоным непасрэдным кіраўніцтвам і пад самым носам у ворагаў на калгасным полі было пасеяна жыта, якое ў час бою – па прыкідках старога, бой разгарэўся менавіта там – усё маглі зруйнаваць, тады пішы прапала. Ледзь супакоілі жанчыны старога. А калі бой сціх, ён вылез з зямлянкі і адразу ж шугануў на поле. Вярнуўся маўклівы, пануры. Паглядзеў на жанчын, яны чакалі яго, бо не менш за старога думалі пра хлеб, сказаў: