Читать «Варона» онлайн - страница 21

Васіль Ткачоў

– Людзі думаюць, што загінуў ты, – добра быў чуваць нам голас Тамаша. – І я гавару: загінуў, галаву склаў недзе Міцька. Гавару так і сам пачынаю верыць, што няма цябе... Асабліва цяпер, калі ў нашых мясцінах ціха стала, калі немцаў прагналі...

Міцька похапкам запіхваў у рот ежу, глытаў так прагна, што і дурню было зразумела: не кожную ноч шастае ў лес з торбай Маўра. І хоць рот у яго быў забіты, папытаў у бацькі:

– А што ж далей? Як мне быць? Думай, бацька, думай.

– Сам натварыў, сам і думай! – пагрозліва параіў Тамаш.

– Што думаць тут? А можа зразумеюць, даруюць?

– Што жывёліну калгасную кінуў немаведама дзе і каму? Гэта зразумеюць? І даруюць, хочаш сказаць, гэта? Не-е, сыну, не. Людзі нацярпеліся, нагаладаліся і наплакаліся. Ніколі такога не зразумеюць. Ніколі. Што і замест фронту каля бабскай спадніцы прыгрэўся – і гэта, думаеш, зразумеюць? Быццам і шкада мне цябе, але як падумаю, што ты – дэзерцір... – Тамаш памаўчаў. – Цікавіцца пачалі табой, здагадваюся. З раёна нейкі чалавек прыязджаў...

Канешне ж, Козыраў, хто ж яшчэ! Таго чалавека і мы бачылі.

– ...людзей распытваў. А цяпер гэтая гісторыя з мехам...

Міцька разявіў рот:

– З якім мехам?

– Вам бы з маткай той мяшок на галаву нацягнуць, каб вы свету белага не бачылі. Дваім адразу. Цьфу! І ў рэчку, як сляпых кацянят. Ну, для якой трасцы ёй той мяшок спатрэбіўся? Сваіх мала? Узяла б ды закапала дзе. Ды і ты сядзеў бы ў лесе. Цьфу!

Бацька з сынам памаўчалі.

Петрык паглядзеў на мяне і ўсім тварам паказаў: вось хто такі Міцька, а! Шапнуў: «Дэзерцір. Чуў. Слова б гэта хоць не забыць». Я паабяцаў таксама яго запомніць.

Міцька зноў паглядзеў на бацьку, плаксіва папрасіў:

– Чаму, чаму ты не хочаш выслухаць мяне, зразумець? Я ж табе тады ноччу ў хаце хацеў расказаць усё, як было, а ты аблаяў мяне… не стаў і слухаць… Не пакідай мяне, тата...

Тамаш павысіў голас:

– Што – я? Жыццё цябе, Міця, са сваіх спісаў выкрасліла, здаецца мне. І мяне заадно. Што мне новая хата, калі я ў ёй картачку адзінага сына павесіць на сцяну не магу. Баюся. Хвядос Сталетаў вунь пад голым небам жыве. На печы. А я зайздрошчу яму.

– Няхай заўтра матка прыйдзе, – папрасіў Міцька. – Добра?

Але Тамаш нібыта і не чуў сына, працягваў гаварыць далей:

– А я ні адной ночы не спаў з таго часу, калі ты ў нашых мясцінах аб’явіўся.

Міцька раптам згроб бацьку рукамі, трасянуў яго, ад чаго нават падалося, што ў Тамаша адарвецца галава:

– Тата-а! Я пакуль жывы! Не харані-і! Не трэба! Я не ў магіле яшчэ! Не ў магіле я! Чуеш? – І, выказаўшыся, павольна расслабіў рукі.

Тамаш паправіў адзежу, адсопся, а тады сказаў:

– Чуць чую, а карысці з гэтага?

Міцька сеў на земляны ўзгорачак, прысыпаны леташнім рыжым лісцем, не адразу падняў вочы на бацьку:

– Як жа так? Выходзіць, мая віна ў тым, што жывым застаўся? Пайшоў бы з усімі на вайну – значыць, быў бы героем?

– Сумняваюся я. Сумняваюся... – пакруціў галавою, і, відаць, ён быў шчыры да канца, стары Тамаш, якога нам з Петрыкам чамусьці ўпершыню, колькі і ведаем яго, зрабілася шкада. Эх, Міцька! Так падвесці бацьку, землякоў, ды – урэшце рэшт, калі на тое пайшло! – і нас з Петрыкам. Што, думаеце, мы не змаглі б калгасных кароў разам з дарослымі загнаць за тую Волгу ці куды там яшчэ? Няма чаго рабіць. Хто-хто, а рагулі нас заўсёды слухаліся. А цяпер жа не ваяваць падаўся, а ў лесе сядзіць, пад носам у сваёй хаты, трымціць, як заяц пад кустом, калі на лісце капае дождж.