Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 93

Васіль Ткачоў

– Пад’еў.

І ён прыгадаў у такі момант тату: той заўсёды, падсілкаваўшыся, задаволена ляпаў раз-другі сабе па жываеце – усё ў норме, парадак, цяпер можна і вылазіць з-за стала. Але не спяшаўся. Звычайна ён яшчэ трохі сядзеў так, абапершыся локцямі на край стала, распачынаў гаворку, прыгадваў, што было сёння ў полі ці ўвогуле ў вёсцы, марыў сенакоснай парой, як ранічкай падкляпае касу ды на золку ўзаб’е соткі на падоле. А маці слухала, ківала. Як і яму, Юраську, калі той снедаў і вячэраў – усё за адзін прысест.

Вось так, як сёння ён, сядзеў якраз тата у той суботні вечар. Паглядзеў ён спярша на хлопчыка, а тады на маці, сказаў:

– Мы заўтра з Юркам у Журавічы на кірмаш паедзем. Запражэм каня – і гайда. Што нам! Так, сынуля?

Юраська, зразумела, быў на сёмым небе. Ён ведаў, для чаго паедуць: купіць яму новыя порткі, бо ягоныя ўжо працёрліся і дзе толькі можна – лапік на лапіку. Абяцаў порткі тата. Не забыўся.

– Заадно і цукру купім, селядцоў, – гаворыць далей тата, і можна было падумаць, нібы порткі і сапраўды былі галоўнай і самай важнай пакупкай, па якую яны збіраліся ў мястэчка. Не, канешне ж, але бацькава хітрасць Юраську падабалася. – Паглядзім і табе, Ліда, крамніны на сукенку. Можа і на гатовую патрапім. Як пашэнціць.

Ліда таксама просіцца.

– Усім адразу нельга, – разважліва і строга казаў тата. – З кім жа маці мы пакінем? Хто ёй пасобіць па хаце? Тут хапае работы. А другім разам, давай дамовімся, дачуша, я цябе вазьму з сабой. Не ўсё ж Юраську, а? Дамова?

Сястра не адразу пагаджаецца, і назаўтра ранічкай праводзіць тату з братам за вёску: спярша едзе разам з імі на калёсах, звесіўшы ногі ў акенцы драбіны, а потым вяртаецца назад.

– А пра сукенку не забудзеце? – напамінае яна сумна і з надзеяй.

У Журавічы яны ўехалі якраз у тыя хвіліны, калі моцны і строгі мужчынскі голас паведамляў па талерцы, якая боўталася на слупе перад крамай, у якой прадаюць хлеб і цукар, што пачалася вайна. Тата пацягнуў лейцы на сябе, і конь спыніўся. А калі дыктар скончыў гаварыць пра вайну, бацька сцебануў пугай каня па ўзмакрэлай спіне, і калёсы загрукацелі што ёсць моцы.

– Вайна не вайна, а не свяціць жа задам! – шлёгаў і шлёгаў ён пугай над спіной каня, нібы той быў вінаваты, што пачалася, калі верыць таму строгаму мужчынскаму голасу, вайна. – Нэ-э, маць тваю пройбу!..

Кірмаш гуў. Юраська сядзеў на возе, а тата цёрся недзе сярод людзей, якія сноўдалі ўзад-уперад, абыякава, беспарадкава. Раней ніколі не бачыў хлапчук тут такога гармідару. Ды і нідзе. Плакалі людзі, галасілі, але не ўсе. Спяшалі, пачуўшы страшную вестку, да сваіх гнёздаў – лезлі напралом, з крыкам і гвалтам, да прылаўкаў. І ўсё да нечага прыцэньваліся, прымяраліся.

Доўга сядзеў тады Юраська на калёсах, ажно спіна забалела. Як у дзеда якога старога. Не справа гэта, каб так было з ягонай спіной, і ён выпрастаўся. Ого, ды так і зусім добранька! І людзей усіх бачыш. Адно картузы ды чупрыны мількаюць. Яшчэ і хусткі. Самыя розныя: белыя, чорныя, квятастыя... Убачыў Юраська і тату. Ён у выцягнутых руках нёс над галавой пакупкі, нібы пераходзіў глыбокую раку, дзе яму вады было пад самы падбародак. Ага! Порткі ёсць!