Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 82

Васіль Ткачоў

– ...А яшчэ Змітра з Рагачэва дабіраўся, дык бачыў, па дарозе – то тут, то там – грузавік разбіты пападзецца, конь трапіцца скалечаны, а то і чалавек... – гаварыў, чухаючы патыліцу, Лявон Кончык. – І бамбуюць, і страляцюць...

– Каб ім затлуміла, ірадам!

– Залессе дык падпалілі. Высока шугала полымя. Тры хаты, кажуць, толькі і засталося. І чые, вы б думалі? Яснае дзела: тых, хто ў паліцыю запісаўся.

– Прыслужваць пайшоў, – паправіў таго ж Лявона Кончыка дзед Нупрэй. – Накладвай правільна рэзалюцыю.

– Не, сілком, кажуць, запісвалі. Мая рэзалюцыя правільная.

– Сілком? Га, сілком? Не дуры, Лявон. Не плявузгай. Ты майсцер вочы затуманьваць народу. Вітух залескі апрануў чорны мундзір? Ты вот адкажы: апрануў?

– Во етага не ведаю, – адмахнуўся Лявон Кончык.

– А што ты ведаеш! А што ты ведаеш! Вайна пачалася, а ты, як і раней – гэтага не ведаеш, таго, панімаш!.. Развярніся вакол сваёй восі, Лявон!

– Не балбачы, Нупрэй. Пры дзецях...

Нупрэй не здаваў пазіцыі, трымаў курс цвёрда:

– То я знаю, калі ты не ведаеш. Думаеш, калі ў мяне вочы заўсёды мукой пазаляпаныя, дык я ўжо нічога і не бачу вакол сябе? Дудкі! Бачу. Шчэ і як бачу. Ён жа ў мяне, Вітух той, грыб азызлы, малоў надоечы. Кулацкая мянтузіна, га! Бацька ж яго, Хведар, свой млын спаліў...

– Гэта я помню, – кіўнуў Лявон Кончык.

– Каб дзяржаве не аддаць. Пры раскулачванні. У той палітыцы мы не дужа тады разбіраліся, людзі мы цёмныя, але хвакт застаецца хвактам. Робім уціск на хвакты. Дык Вітух і жаліўся: пагарачыўся бацька, паспяшаўся, а то і ў нашым калгасе млынаром мог бы стаць. І на мяне пальцам торкае – як вось ты, дзед... Дык не – пусціў чырвонага пеўня пад свой млын... не пашкадаў запалак. Дурань. А ты кажаш, забралі яго ў паліцыю. Сам. Як піць даць – сам пайшоў. Самахоць. Будзе цяпер, суччын сын, немчуры гэтае самае месца, – і дзед пад дружны смех паказаў, – лізаць. Не кожны пёс-Барбос адважыцца. За фунт мяса нат.

– На фронт яму позвы не хапіла, ці што? – Лявон Кончык працягнуў руку да Нупрэя, папрасіў, каб той падзяліўся з ім самакруткай. – Дай-ка смактану...

– На смактані.

– А то нешта смачна ў цябе атрымліваецца. Бы мёд ясі.

Млынар моцна зацягнуўся, запыхкаў, бы з коміна:

– Слабаватая мая табака сёлета. Не ўдалася. А што на фронт Вітуха не ўзялі – дык калі ж аднавокі... што рыбіна камбала... можа, умысна і пашкодзіў вока, каб не ісці на вайну? Такія людзі на ўсё, што хочаш, здольныя.

Аднак Лявон прапусціў міма вушэй Нупрэевы словы пра табаку, перахапіў самакрутку, і зноў папракнуў Вітуха:

– Каб яму і другім вокам свету белага не бачыць!

Тут жа, сярод хатаўнянскіх дзядоў, таўкліся і хлапчукі. Амаль усе сабраліся – бы вераб’і ўвесну на сонейка. Цяпер, калі пачалася вайна, яны кожным надвячоркам ляцелі да ветрака, нібы ім тут цукеркі альбо смачныя пернікі меліся раздаваць: цікава ж, аб чым дарослыя баяць!

– Таго Вітуха я ведаю, сам бачыў,– шапнуў на вуха Юраську Паўлік Макуха, з рыжай, як сланечнік, галавой, і было відаць, што ён нават ганарыўся гэтым: быццам бачыў не каго-небудзь, а славутага пілота Чкалава, не менш. Ці яшчэ большага героя.