Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 71

Васіль Ткачоў

Таксіст гыркнуў маторам, і неўзабаве «Волга», валюхаючыся на выбоінах, пакіравала міма бульбянога поля, на якім шчыльна стаялі рознакаляровыя сцяжкі на калках – каб адганяць дзікоў, якіх у гэтых мясцінах процьма, а любяць яны не толькі жалуды і карэньчыкі раслін, але і самую звычайную бульбу.

Пра сцяжкі і дзікоў Мікітку расказаў дзядуля, а потым яны паглядзелі адзін на аднаго, падхапілі свае рэчы з зямлі, і моўчкі пайшлі па вузкай лясной дарозе.

Куды ж яшчэ – да Цар-Дуба!

* * *

Ну, вось: успомнілася, нагарнулася, бы хваля на цёплы марскі бераг, мінулае. Пятро Мікітавіч, а тады проста Петрык, такі ж дасціпны хлопчык, як сёння яго ўнук Мікітка, таксама шмат гадоў назад ішоў па гэтай лясной дарозе – тады толькі яна, здавалася, была больш шырокай, а дрэвы—таўсцейшымі і вышэйшымі. Ішоў не адзін—з сябрукамі, Рыгоркам і Сашкам. А вось на тым полі, дзе сёння стаяць сцяжкі на калках, было некалькі капцоў бульбы. Чыя бульба—яны, дзятва, не ведалі, але ж ім вельмі хацелася есці. І ўсё б нічога, набралі яны б той бульбы, напяклі б яе на вогнішчы і наеліся, але толькі раскалупалі адзін капец—той, што быў бліжэй да дарогі—калі і пачулі траскатню матацыкла... Хавацца не сталі: гэта ж немцы, трэба ім тая бульба! Яны уго што ядуць! Бачылі. Аднак жа не—не паспелі хлопцы накідаць і паўторбачкі бульбы, калі матацыкл спыніўся якраз перад імі. Пра што гергеталі немцы, малечы было не чуваць, але можна было здагадацца, што мала ім зараз не будзе за тую бульбу. Так і ёсць—адзін немец нават нацэліў на іх аўтамат, а другі... Вы б бачылі, што зрабіў другі – ён так моцна прыклаўся да твару кулаком напарніка, што той ледзьве не паляцеў вобзем, пахістаўся-пахістаўся, але нейкім цудам утрымаўся на нагах. Як неваляшка. Пасля гэтага больш не паграджаў дзецям аўтаматам, але ж злосць усё роўна спагнаў, гад—пазапіхваў іх усіх у люльку матацыкла, і патарахцелі...

Два тыдні, а можа і больш, Пецька, Рыгорка і Сашка былі ў канцлагеры Азарычы. Як уцяклі—Пятро Мікітавіч сёння і сам патлумачыць такое не можа, але унуку прызнаўся:

– Смелыя, відаць, былі. І знаходлівыя.

3

Вясна ў 1943 годзе выдалася дружная—снег сышоў хутка, неўзабаве зазелянела траўка на мурагах, праклюнуліся лісточкі на дрэвах, і стаяў у лесе такі птушыны пошчак, ажно не верылася аніяк Петрыку, што ідзе вайна.

Хлопчык сядзеў на дубе, на самым тоўстым суку, звесіўшы ногі, і глядзеў у той бок , адкуль звычайна патыкаюцца ў лес немцы. Сёння іх не відаць. А хай бы паспрабавалі! Мала б не было!

– Ну што там, Петрык? Ціха? – сумна, відаць, унізе, пад дубам, і партызану Кавалькову.

– Ціха,– пазяхае і Петрык.

Партызан Кавалькоў ужо стары, сам на дуб ўзабрацца не можа, таму на заданне ўзяў з сабой Петрыка. А хлопчыку і добра. Чым збіраць дровы ў лесе, каб гатаваць ежу, ці чысціць анучай пасля бою каму-небудзь зброю, дык лепш ісці з партызанам Кавальковым у дазор. У дазор дазваляецца браць і зброю. А як жа! І Петрыку далі карабін, але паколькі з ім на дуб не ўскараскацца—чапляецца, хоць ты трэсні!– ствол за голле, замінае, таму карабін стаіць на зямлі, прыткнуты да дуба, і за ім—па вялікай просьбе Петрыка—наглядае партызан Кавалькоў. Ён майструе самакрутку, зараз засмярдзіць самаробным тытунём, і хлопчык загадвае яму: