Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 8

Васіль Ткачоў

– Гайда за мной! – махнуў я і Петрыку, які, убачыўшы мяне, вытыркнуў рыжую і лахматую галаву з-за паркана.

Петрык не стаў дапытвацца, куды я спяшаюся, а адразу ж увязаўся за мной. Толькі калі дагнаў, спытаў:

– К... куды?

– Зараз убачыш!

А вось і двор Раісы. Ціха. Нідзе, здаецца, не відаць танкіста. Толькі не: рыпнуў, рыпнуў гармо-нік. Так і ёсць... не хлусіў дзед Грышка. Рып той даляцеў з расчыненых сенцаў. І адразу ж на ганку з’явілася Раіса, а за ёй – танкіст. Канешне ж, малы, са Сцяпанам не параўнаць. Сцяпан у танку не памесціцца. Расцягваючы мяхі, танкіст ледзь не упаў на калена, пачаў маліць:

– Ну, Рая, ты чуеш ці? Павярніся хоць. Ты размаўляць можаш? У цябе язык ёсць?

– Ёсць! – гучна адказала Раіса і паказала на імгненне танкісту язык.

Мы з Петрыкам прытаіліся за сцяной хаты, толькі крадком выглядвалі на падворак. Месца бяспечнае: калі будуць яны выходзіць з двара, то акурат напоруцца на нас. Няёмка падглядваць. Але ж няма ў нас іншага выйсця: трэба выручаць неяк дзядзьку Хвядоса. Толькі я так падумаў, як убачыў, што ў нашым накірунку ідзе бабка Антося... з хамутом на шыі, а ў руках валачэ граблі і вілы. Ступае цяжка, быццам на катаргу. Трэба хавацца. Мы заскочылі ў агарод. Адсюль яшчэ лепш бачна, што робіцца на двары. Можна і да танкіста прыцаніцца: жаніх ён ці так сабе... адно званне?

Танкіст жа рашуча заявіў:

– Я на Курскай дузе, калі знаць хочаш, у танку гарэў!

Раіса на гэта яму адказала – бач ты, і Курская дуга для яе нішто! – з лёгкай вясёлай усмешкай на прыгожым твары:

– Кастусёчак, ну чаго ты да мяне прыліп? Ты ж расточку маленькага...

А я што гаварыў? Хіба ж можна параўнаць яго са Сцяпанам! Прыдумаеце таксама. Ніколі!

Танкіст жа пацягнуўся, бы толькі што прачнуўся, і кісла паморшчыўся:

– Я... я... я падрасту. Падрасту я. Верыш? Я ўсё зраблю, каб табе спадабацца. Усё, чуеш? Моркву буду есці кожны дзень. Самую вялікую.

Раіса цярэбіць нярвова пальцамі хустку, нізка схіліла галаву, а потым часта круціць ёю: не, не, не. Ура-а! Малайчына, Раіса. Цяпер будзе чым хоць парадаваць дзядзьку Хвядоса: не ўгаварыў, хоць і стараўся надта – ажно з гімнасцёркі вылузваўся! – танкіст нашу прыгажуню.

Танкіст, ці хай будзе Кастусёчак, роспачна ўздыхнуў, сеў на прызбу, якая яшчэ нават і не падсохла добра, таму будзе на яго салдацкіх галіфэ сырой зямліцы, будзе, і зайграў. Вальс. Пра дунайскія хвалі. Прыгожая музыка, так і слухаў бы. Але нельга губляць пільнасць, вуха востра трымаць трэба. Рыпнуўшы гармонікам, Кастусёчак талопіў позірк на Раісу, тлумачыў той, што ён за цаца:

– Падумаеш – маленькі. Хм-м. Ды я ж гарманіст! Гарманіста на рост не ацэньваюць. Таксама мне мерку знайшла. Гарманіст вышэй за ўсіх ростам быў і будзе. Як зайграю – усе дзеўкі збягуцца. Хочаш, зайграю?

– Зайграй, – абыякава паціснула плечуком Раіса.

І ён, наколькі можна, расцягнуў мяхі. А сам, блазнуючы, вядома ж, задраў галаву і паклікаў: