Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 55

Васіль Ткачоў

– Не ведаю, калі, – адказвае дзядзька Хвядос. – Сам чакаю.

– Падварушы іх, а то ні коней, лічы, ні транспарту. Я б гэты торф усім гутлянам развёз, каб трактар быў. Магу і на машыне.

Усё, усё ён можа. Бачылі такога? Гэта яшчэ трэба паглядзець на свае вочы. Дрэў у вёсцы багата. Каб хоць за вуглы хат не зачапіўся, хвалько. А то ўсё, што пабудавалі, паразварочвае, зраўнуе, ускудлаціць, як парсюк лычам мурог.

Ну скажы, скажы яшчэ што-небудзь, танкіст, прыдумай, у цябе гэта добра атрымліваецца. А мы паслухаем. Я ўжо вуха натапырыў. Так, так. Нібы пачуў мяне, гаворыць:

– Чуў, Хвядос, Лізавета прымака ўзяла?

– Не, не чуў. Адкуль прыбіўся? І хто такі?

– А старшыня павінен у першую чаргу ведаць. Перш, чым да нашых баб прыбівацца, прымак у цябе дазвол даўжон браць.

– Не звяртаўся, – жартам адказвае дзядзька Хвядос.

– Май на ўвазе.

– Багата ты да мяне звяртаўся.

– То я. А што тычыць прымака, то ён з Лазаравіч. І як ён Дняпро пераплыў, дохлы ж, адны рэбры... І носам чмыхае. Сухотачны нейкі.

– Такіх багата ходзіць.

– Багата. Пажыве трохі, пагрэецца, адкорміцца на Лізавеціных харчах – і далей пагалёкае. Калі пасля сябе след не аставіць.

След? Таксама скажаш, танкіст. Г-гм, толькі калі падэшва як на чобатах салдацкіх – во то след, а калі прымак той прыклыпаў у лапцях, то каму ён трэба, той след? Пройдзе дождж – і ўсё зліжа як карова языком. Вось вам і след будзе. Адна назва.

– Ну, добра... Я пайшоў. Сам капаю, сам нашу. Раюха з сынам, са Сцёпкам. А наконт трактара, Хвядос, падварушы, падварушы!..

– Буду старацца.

– Глядзі ж! Я табе жыцця не дам.

– Ды гэта я ведаю.

Сцёпка... Сцяпан... Я насіў торф, сачыў, каб Петрык менш паглядаў на Надзейку, не вымушаў яе пунсаваець і паказваць язык, а сам пачынаў разумець, чаму Раіса назвала свайго сына Сцяпанам. Можна падумаць, што я такі ўжо і маленькі.

Калі што трэба, зразумею, не лыкам шыты. Пазней я здагадаўся і пра той след, які мог пакінуць Лізавецін прымак...Пашурупіў трохі галавой – і здагадаўся...

А вы думалі!

5. НА ПРЫЗБЕ

Яшчэ на балоце, каб не пачуў дзядзька Хвядос, я шапнуў Петрыку:

– Прыходзь увечар на Грышкаву прызбу.

– Навошта?

Ён і гэтага не ведае. Ну, як хочаш. Сядзі дома, мякеша. На прызбе ж цяпер збіраюцца не толькі дзеўкі з ісканскім гарманістам Аркашкам, але і такім, як і мы з Петрыкам, дазволілі. А чаму так над намі зміласцівілся, дык тут і грамацеем вялікім не трэба быць, каб зразумець: дзед Грышка ўсім распавёў, якія мы харошыя і амаль ужо дарослыя, а сур’ёзнасці ў нас – хоць цераз край, бо хто ж яшчэ, як не я з Петрыкам памеліся старога засыпаць торфам. А прызба недарэмна ж Грышкавай завецца. Ягонай. Дык хто тут гаспадар? Які Аркашка? Глухая сцяна, тая, што глядзіць на вуліцу і не мае ніводнага акна, уся аддадзена пад гулянне. Спіць ці не спіць сам стары, калі дурэюць хлопцы і дзеўкі і рыпае гармонік, тут ніхто не ведае, аднак адно вядома дакладна: дзед Грышка вельмі ганарыцца, што збіраецца моладзь іменна каля яго, а ні дзе-небудзь. Буслы вунь гняздо каля кепскіх людзей, хціўцаў і прайдзісветаў розных, не зробяць. Так што майце на ўвазе, анціхрысты! І што яшчэ цікава, ніколі стары не выходзіць паглядзець, што робяць на ягонай прызбе маладыя гутляне, пэўна, яму і так ўсё зразумела. А , можа, ён ляжыць тады на сваёй печы і маладосць успамінае, і яму ў тыя хвіліны таксама робіцца хораша і траха весялей на гэтым свеце жыць-трымацца.