Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 33

Васіль Ткачоў

– Боўтаецеся па вуліцы, як бяздомныя. Схадзілі б у грыбы. Самі на сцежкі выбягаюць. Занятку для вас няма.

Трэба і ў грыбы збегаць, абяцаем цётцы Матруне. А самім пакуль няма калі: вунь і з Кастусём нешта трэба рабіць, зусім расперазаўся – адчувае сябе ў нашай Гуце, бы ў сябе дома: высока нос трымае, калі ходзіць, і толькі пыл пырскае з-пад чобатаў. Падумаеш, цаца! Не можа быць, каб мы з Петрыкам не здагадаліся, як цябе выкурыць ад нас. Нашто тады макацёры на плячах? Для форсу? Ага, так і прызнаемся, адразу растрэзвонім, што і як мы будзем рабіць з тым Кастусём. Прыдумаем. А то ж – і праўда! – на гулянках толькі яго чуваць гармонік і голас... І Раісу ад сябе ні на крок не адпускае...

Паўз нас прабегла Кацярына, затрымалася толькі, каб сказаць:

– Сядзіцё? Сядзіце, сядзіце, людзечкі. А я бягу. Няма мне калі з вамі бавіцца. Міколка мой з вайны вяртаецца... На шляху сядзіць, пераабуваецца... Нагу нацёр... Зараз пабягу, чамадан дапамагу яму несці... Вельмі цяжкі чамадан у яго... І чаго толькі ў ім няма! Падаруначкі дзеткам з вайны нясе. Сяргейку пілотачку і гімнасцёрачку пад ягоны акурат расточак. Галінцы сукенку ў гарошынкі вось такенечкія... – Яна зрабіла з пальцаў кружочак. – А меншанькай, Волечцы, – чаравікі... У іх яна будзе на выгане гусянятак пасвіць... І ўсім-усім цукерак... І ў паперках што, і падушачак... Сядзіць Міколка, стаміўся... Ён заступіцца, ён не дасці дзетак у крыўду... А я вось... яблычак яму нясу...

Кацярына дастала з кашолкі галінкі, паднесла іх да твару спярша мне, а потым Петрыку.

– Смачныя яблычкі, – сказала яна і пайшла.

Пара было і нам у дарогу. Каб ніхто нічога не пытаўся, куды і навошта, узялі кошыкі, быццам па грыбы ў лес. Для прыліку. Хоць і грыбоў трэба насабіраць. Але ж тата мне гаварыў, і я хораша помніў яго словы: «За двума зайцамі, Колька, ніколі не ганіся: ніводнага не зловіш». Толькі, праўда, не такія тут ужо і зайцы, калі разабрацца. Патлумачу. У Канаве, гэта вёска побач з нашай, жыве стары Астап, а ў яго, кажуць, ёсць гармонік. Нават быццам на гарышчы ляжыць. Ці ў пуні. Псуецца толькі. Сам ён даўно ўжо не грае – стары, пальцы не слухаюцца, а нам гармонік быў самы раз. Толькі як яго выпрасіць? Упрэцца, як слон, і не ўступіць: і сам не гам, і іншым не дам. А даць яму нешта за той гармонік – не дасі: акрамя парток у нас нічога няма.

І вось мы ідзем да Астапа, спадзяемся на яго дабрыню і на цуд.

– Навучымся на гармоніку граць, тады нечага будзе рабіць у нас Кастусю! – катэгарычна заяўляе Петрык.