Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 28

Васіль Ткачоў

– Так ужо і кантузія! – смяецца Петрык. – Таксама скажаце. Аб дрэва падрапаўся, можа, а форсу!..

– Ну, ну! – прыгразіў пальцам дзед Грышка. – За свае словы адказваю. Мне лішняй славы не трэба. Як і чужой. Ужо і касіць пара, а хіба ж замахнешся, скрыўлены калі? Факт, не.

У кузню зайшлі Хвядос і Мікіта, і ўбачыўшы тут Грышку, іх твары пазначыліся прыемнымі ўсмеш-камі. А Хвядос нават сказаў, весела і бадзёра:

– Святлей стала ў тваёй кузні, Мікіта!

Мікіта падтрымаў яго хітрасць:

– Ды бачу, бачу!

Дзед Грышка, лыпаючы вачыма, зняў шапку-аблавушку з галавы, папляваў на далонь, прыгладзіў кудзеркі на лысіне, і папытаў, ніякавеючы:

– З чаго б... ага, значыць... святлей? Не павінна б... прыкрыта... прыхінута...

Хвядос патлумачыў:

– Ад аднаго твайго з’ яўлення, Грышка.

– Дзякуй за ўвагу да маёй персоны. Прымаю.

– Выкарабкаўся? – Мікіта пачаў тузаць горан за матузок, і ён ашчэрыўся жарам.

– Х-хе! «Выкарабкаўся». Пытанне, наколькі я разумею, тычыцца мяне?

– Цябе, цябе. Хварэў жа, кажуць.

– А то я, Грышка, не ў лапцях швэндаю!

Хвядос раптам больш уважліва прыгледзіўся да старога, затрымаў на ім свой позірк, а тады паглядзеў на Мікіту:

– Пачакай-пачакай! Ты што гэта, дзед Грышка? Каму служыш?

Грышка зморшчыўся:

– Пакуль яловыя нашы справы. Таму служу толькі печы. Абвастрэнне. Старыя баявыя раны даюць пра сябе ведаць. Ныюць, калі ім нешта не па нутры. Так, так. А выпрамлюся, пачну калгасу служыць. Як і раней. Як і заўсёды.

– Грышка зубы замаўляць вялікі майстар, – усміхнуўся Мікіта. – Бачыш, як хвастом віляе. Быццам не здагадваецца, пра што ты яму намёк даў. Хітрун стары. Але нічога, нічога, дзед: без такіх, як ты, мы б пачахлі, пазызлі... Мацуйся, дзед Грышка! А шынель знімі. Хвядос тут праўду табе гаворыць. А то што ж атрымліваецца? У нашай шапцы, прытым камандзірскай...

– Камандзірскай, камандзірскай,– пацвердзіў Грышка і палапаў дрыготкімі пальцамі аблавушку.–Твая праўда. Правераная шапка: узімку добра грэе, а ўлетку спёку не падпускае да лысіны.

Мікіта ж працягваў, шморгаючы матузком і не зводзячы вачэй са старога:

– У сялянскім абутку і ў фашысцкім шынялі. Незразумела!

Грышка не на жарт натапырыўся:

– А мацерыя хіба ж вінаватая, што яна спярша не на тыя плечы была пашытая? Га? У яе ж языка не маецца, як яна за сябе заступіцца? – стары паціснуў плячыма, павадзіў галавой вакол сябе, шукаючы, мусіць жа, падтрымкі, спагады. – Ды і грэе. Хаця і лета, а касцям зызка.

– Знімі ўсё ж, – сур’ёзна сказаў на гэты раз Хвядос, – а то гляджу я на цябе, і зноў бытта немец перад вачамі стаіць. Як бяльмо... Старое прыгадваецца... Чуеш, Грышка?

– Вынудзяць, – прызнаў, здаецца, сваё паражэнне дзед Грышка. – Канфіскуюць. Вам бы толькі адымаць. Добра, угаварылі. Зніму. Але ж і табе заўважу, Хвядос: тое старое, брат, не скора забудзецца. Вельмі карані ў яго моцныя. К-хе, значыць!..

Мікіта тым часам падрыхтаваўся нешта рабіць – на ўсю моц пыхкаў жарам горан, быў ён ужо ў сваім дзіравым чорным фартушку, і неўзабаве кавалак жалеза, абхоплены вялікімі абцугамі-клешнямі, якія слухаліся ў дужых руках каваля, апынуўся ў распаленых да белага калення вуглях. І яшчэ паддаў дыхту – затузаў за ўсё той жа матузок.