Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 26
Васіль Ткачоў
Канешне, усю зямлю вычарпалі ў першы дзень, і на другі нам мала што засталося рабіць. Так, дробязі: прынясі-падай. То сякеру, то малаток, то кавалак дроту...
А пад вечар зноў толькі і было чуваць Кастуся – нібы не мы, а ён сядзеў у калодзежы і вось толькі што вылез адтуль, таму ніяк не мог нагаварыцца. Падаў Кастусь і галоўную каманду:
– Цэбар!
І трымаў працягнутую да Раісы руку, пакуль яна не падала яму тое, што прасіў. Кастусь хуценька прымацаваў цэбар, пад вясёлыя галасы людзей апусціў у студню... Хвіліны чакання паўзуць марудна, а Кастусь, да таго ж, яшчэ і не спяшаецца выцягваць цэбар з першай вадой з новага калодзежа. Балбоча, пацяшае ўсіх. Ваду, ваду падавай, танкіст. Нарэшце! Выцягвае і паведамляе, што гэта вада, нібы мы самі не бачым:
– Чыстая, людзі! Як сляза! Ну, хто першы?
– Колька хай першы, – падштурхнула мяне бліжэй да цэбара Раіса, я памкнуўся наперад і пацягнуў за рукаў кашулі за сабой Петрыка.
– Так, так, няхай дзеці першыя паспрабуюць Хвядосавай вады, – на самы ўрачысты момант сабраліся і жанчыны, і адна з іх, Варка, таксама падштурхнула мяне бліжэй да цэбара. – Тады тут вада заўсёды чыстая будзе... маладая і свежая...
Вада была смачная – салодкая, халодная, так і піў бы яе нагбом, не адрываючыся, але ж і Петрыка трэба падпусціць, ён ужо нават паспяшае:
– Хутчэй, не адзін ты...
Калі я выцер вусны, Кастусь папытаў:
– Смачная?
– Вельмі!– адказаў я.
Кастусь жа, зрабіўшы пасля ўсіх некалькі глыткоў, зачэрпнуў жменяй прама з цэбара вады і расплёскаў яе ў паветры ўсімі колерамі вясёлкі, а потым, пашукаўшы яе вачыма, абліў Раісу. Раіса ў даўгу не засталася – сарвала з галавы хустку, адшлёгала ёй танкіста.
– А вось табе! А вось!.. – бачылі б вы, як свяціліся ў яе вочы, калі давала рэшты Кастусю.
– Мяне? Танкіста? – спярша быццам бы адбі-ваўся Кастусь, а потым набраўся смеласці і на вачах ва ўсіх прыгарнуў дзяўчыну да сябе, цмокнуў у шчаку.
Ну-у, нахабнік! Раіса вырвалася, запунсавелася, і паглядзела на Кастуся так, быццам з’ела нешта кіслае:
– Людзі ж!..
Гэта яшчэ добра, што дзядзька Хвядос вярцеў самакрутку і не глядзеў на гэтыя гульні.
А Кастусю таму хоць бы хны, яшчэ і – чуеце? – не можа цішэй размаўляць, на ўвесь двор:
– Ну і што! Вакол нас заўсёды былі і будуць людзі! І мы сярод іх! І мы!..
Не, з гэтым Кастусём нешта трэба рабіць. Ды і з Раісай, відаць, таксама.
Даабліваюцца.
8. КУЗНЯ, ДЗЕД ГРЫШКА І МЫ
Даўно не было відаць дзеда Грышкі, мы ўжо і сумаваць пачалі па яму, таму дамовіліся схадзіць праведаць старога. Аднак не паспелі – заходзіць якраз у той дзень, накульгваючы, на кузню, і адразу пытае ў мяне:
– Вахту, Кольча, цікава-інцярэсна, нясём?
Петрык глядзіць на мяне, я – на Петрыка: пакуль мы да яго, дык ён да нас першы. Не ўгонішся за гэтым дзедам. Хоць і паранены быццам.
– Гэта ты, дзед Грышка? – вырвалася ў мяне.
– А як жа – мы! Собсцвеннай персонай! – Стары пашукаў вачыма, на што б сесці, убачыў цурбан, асцярожна апусціўся на яго. – Дык я вам той раз, хлопцы, не дагаварыў...