Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 30

Васіль Ткачоў

– А сам далёка пайшоў? – не праслабіў і Мікіта. – Ды Варка і заходзіць да мяне не з таго боку. На правае вока я не бачу... – І ён загадваў Хвядосу: – Весялей ляпай, старшыня!

Дзед жа Грышка ўбаку ад гэтай сцэнкі не застаўся:

– А што, Хвядос, з’еў? Х-ха-ха-ха-ха-а-а-а!

– Атрымліваецца, што так. З’еў.

А тады Грышка сказаў больш сур’ёзна і разважліва:

– Ты ўжо даруй, старшыня, што да кузні прыліп. Усё хрыц той нягоднік набедакурыў. Ён, халера! І трэба ж было яму па тым месцы, на якім сядзець прадназначаецца, шандарахнуць! І часу прайшло, здавалася б, багата, а муліць...

Калі заціх смех, Мікіта заўважыў:

– Добра яшчэ, што па тым... Там усё ж мяса паболі.

Стары жарт не зразумеў:

– А цябе куды? У тое месца, дзе памені?

Пачуўся голас бабкі Антосі:

– Грышка-а! Паразіт стары-ы! Грышка-а-а!

Грышка захваляваўся, і такое было ўражанне, што ён не ведаў, куды схавацца ад сваёй старой, і ўрэшце рэшт гопнуўся на бервяно каля мяне:

– Пасунься, Колька! – І, вытрымаўшы паўзу, выхапіў у мяне малаток, падняў з зямлі нейкую трэску і пачаў ляпаць па ёй. – З магілы выкавырне. «Грышка-а!» На хвілінку нельга адвярнуцца. А як было, што на вайну хадзіў? І нічога! Мужыкі, што гэта яна разгрышкалася,га?

– Нешта спатрэбіўся ты ёй, – адказаў Хвядос. – Без патрэбы не клікала б?

А неўзабаве і бабка Антося ўляцела ў кузню, заківала на свайго Грышку:

– Я яго і тут, я яго і там, а ён во дзе! Бяздомнік стары! Зусім ад хаты адбіўся. Ну, скажыце, людзі! Адны лапухі на печы, а яго і след не пахне. Няма! Табе ж ляжаць трэба. Што ты тут робіш?

Дзед Грышка надзьмуўся, прасіпеў, бы раздражнёны гусак:

– Хопіць пры людзях-та! Цыц! Ты чаго, мякіны аб’елася?

– Ён яшчэ і здзекуецца! Ён яшчэ і яршыцца! – Бабка Антося таўчэ старога кулаком у спіну.

– Мужыкі! – дзед Грышка ўзняўся з бервяна, адмахваецца. – А вы, а вы куды глядзіце? Хвядос! Мікіта! Ой! Смала! Яна ж горш за самага злоснага немца! Ой! Ды ты што па спіне лупцуеш, га, Антося? Грышка пры выкананні... пры справе твой Грышка... Спыніць!..

– Няхай, Грышка, баба твае хоць трохі косці старыя разамне, – параіў Мікіта.

Баба Антося раптам абняла дзеда Грышку, пацалавала ў лысіну, потым на тое месца зноў насунула аблавушку, а сама, гледзячы некуды далёка-далёка – міма, здавалася, нас з Петрыкам, міма Хвядоса і Мікіты, міма свайго дзеда – і шаптала:

– Пянёк ты мой старэнькі... Пісьмо ж прыйшло... Пісьмо...

Пачуўшы пра пісьмо, дзед Грышка прыняў строгі выгляд, распраміў плечы:

– Дзе?.. Як?.. Ад Пятра? Ці ад каго? Чаму маўчыш?

– Ад сыночка... ад яго... з фронту, – бабка Антося прытуліла пісьмо да грудзей, потым пацалавала яго, зноў прытуліла, а вочы былі поўныя слёз.

– Ад сына! – гучна і горда сказаў дзед Грышка і ўзяў пісьмо ў старой, падаў мне. – Зачытай-ка прылюдна. Мікіта, не грукай молатам. Прывал, як той казаў. Ну-ну, Колька. – І да Антосі. – Зараз, зараз. А рукам паслаблення больш не давай. Чытай, Колька. Чытай. Цікава-інцярэсна. Ша!