Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 29

Васіль Ткачоў

– Будзем свой інвентар рабіць, – Мікіта закурыў, засунуў кавалак жалеза глыбей у вугалі. – Без яго нам нельга. Плугі, бароны трэба ў калгасе.

Дзед Грышка пахваліў Мікіту:

– За табой не зачахне.

А пакуль Мікіта пляскаў молатам па напаленаму кавалку жалеза, у кузню прасунулася з бараной Варка. Паставіла барану адразу ж за парогам, паказала на яе рукой:

– Вось і ў мяне яшчэ знайшлася. Саломай прысыпала, ледзьве заўважыла. Нічога яшчэ барана. Двух пальцаў толькі не хапае. Мікіта, ты чуеш?

– Пакуль у мяне ўсе пальцы, то і ў барану ўстаўлю, – крадком глянуў Мікіта спярша на барану, потым на жанчыну. – Няхай пачакае. Плугі на першым плане. Араць хутка трэба будзе.

Хвядос падзякаваў Варцы за барану.

– Шкада хіба? – сумелася жанчына і адразу ж паглядзела на дзеда Грышку. – Што гэта на цябе за напасць такая, сусед? То пчолы наляцелі – вочы былі, як у кітайца, то пад лёд ледзь не праваліўся...

– Гэта я лёгкай рыбы захацеў, – прызнаўся стары.

– А цяпер вось немец падстрэліў у адно месца...

– Не цяпер, а даўно, – паправіў Варку дзед Грышка. – Гэта раней я проста маскіраваўся. Ды махнуў рукой... Відаць, кантузія. На ўсё жыццё метка. Як думаеце, мужыкі?

Хвядос махнуў рукой:

– Усё будзе добра, дзед. Зажыве.

– Колькі ж можна!..

А Варка старалася паглядзець на тое месца, куды, калі верыць старому, пацэліў немец, але дзед круціцца і так і гэтак, быццам ім кіруюць Варчыны вочы. Варцы такое не падабаецца, яна тузае яго за рукаў шыняля:

– Ды стой жа ты!

– Стаю! – Грышка выпрастаўся, знерухомеў. – Як бачыш. А ўся аказія таму праісходзіць, што я ўсё жыццё смерць на выпрабаванне бяру: хто каго? Пакуль – я яе! Табе ўсё зразумела, маладзіца? – І крадком, бы між іншым, пагладзіў аднымі пальцамі яе па грудзях.

Жанчына разгубілася спярша, а потым строга папытала:

– Ты што гэта, дзед?

Той і вокам не міргнуў, адказаў:

– Пыл...

– Скажу тваёй Антосі, стары гуляка, то яна з цябе ўвесь пыл выб’е, – папужала Варка.

Падзейнічала, бачце вы, бо адразу Грышка замахаў рукамі некуды ў бок – толькі не гэта! Толькі не!.. Ёй – маўчок!

– Ды за словам у кішэню ты не палезеш, – парадавалася, што спалохаўся жонкі дзед Грышка, і ўсміхнулася Варка.

А стары паляпаў па шынялі, лыпнуў вачмі:

– Як палезеш? Куды? Цікава-інцярэсна, – вывернуў кішэні, прадэманстраваў іх не толькі Варцы – усім. – Захочаш, а не возьмеш, таму што нямецкія словы ў маіх кішэнях. Га?

– Ну і фантазёр жа ты! – махнула рукой Варка і паглядзела на дзверы.

– Знімі, Грышка, – зачапіў шынель зноў дзядзька Хвядос.

– Дык паабяцаў жа! Паабяцаў! – зняў нарэшце шынель, шпурнуў яе ў кут. – От далася ж вам мая трахея!

Ужо пакідаючы кузню, Варка сказала:

– Добра з вамі, ды некалі. Пайду я: касу направіць трэба. Дык што, Хвядос, заўтра на пакос?

– На пакос, на пакос, Варка, – кіўнуў Хвядос і перахапіў з рук Мікіты молат і загэкаў ім па кавалку жалеза, з якога нешта пачынала атрым-лівацца падобнае на ручку плуга, а да Мікіты сказаў, хітруючы: – Чуеш, і доўга ты яшчэ бабылём хадзіць будзеш? Можа вунь Варка па табе сохне, га?