Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 136

Васіль Ткачоў

– Ну, як тут у нас справы ідуць?– пачуўся бадзёры дзядулеў голас.—Дно далёка?

– Трошкі засталося,– за ўсіх адказаў Петрык.

– Бачу, што стараецеся. Хвалю. Мо падсобіць?

– Не, мы самі!– запярэчылі дзеці.

Неўзабаве дзед Аўгей пад пільным позіркам дзяцей памыў бульбу, наліў ваду ў чыгунок, сыпануў солі, паставіў чыгунок паміж цаглін над полымем, а тады распарадзіўся:

– Пакуль можаце кувыркацца. Дам каманду на вячэру.

Дзеці ж далёка ад печы не адыходзілі—раптам ён, дзед, абхітрыць, тое смачненькае сам з’есці,га? Таўкліся побач з чыгунком, што грэўся на полымі. Самі ж бачылі: звычайную бульбу варыць у ім стары, а кажа-а!.. Хоць хто яго ведае, што атрымаецца. Можа фокус які. Трэба дачакацца. Не, з чыгунка быццам пахне крышачку не так, як пахне з такога ж чыгунка дома, калі ў ім варыцца бульба. Першы ўцягнуў гэты пах сваім кірпатым носам Лёнька, ад задавальнення заплюшчыў вочы, прычмокнуў, а тады гэтаксама зрабілі Петрык, Сашка і Вуллянін унук Юрка—смачна пахне!

Наступіў доўгачаканы момант, калі дзед Аўгей пацёр далонямі, падміргнуў дзятве і амаль урачыста мовіў:

– Прыступаем, сябры мае, да самага галоўнага. Бульба зварылася. Можна, можна каштаваць маю ежу. За справу!

Гэта і ўсяго? Хм, а думалася ж хлапчукам! Бульба стаяла ў вялікай місе, дымілася. Дзеці, няўпэўнена пераглянуўшыся, узялі па бульбіне, пакачалі на далонях—пячэцца.

– Смялей, смялей,– весела казаў дзед Аўгей.—Не бачу радасці ў вачах. Ці, можа, не падабаецца мой пачастунак?

– Звычайная бульба,– зморшчыўся Лёнька, а калі з’еў кавалачак, твар у яго пасвятлеў.–Але, скажу вам, смачная!

– Праўда! – гукнуў Петрык.

– Ага, смачная!– наедак і самы маленькі, Юрка.

Пакуль дзеці заглядвалі ў чыгунок, дзед Аўгей прынёс агуркоў і збанок малака.

– З агуркамі, з агуркамі ешце,– падказаў ён.–А тады наверх па карцу малачка вып’еце. І будзеце дзеда ўспамінаць усё жыццё.

Ух і наеліся! Жываты—як бубны: толькі палачкай ляпаць, звон будзе. І дарослых, што міма праходзілі, клікаў дзед да свайго чыгунка. Елі, хвалілі і бульбу, і дзеда з дзецьмі. Дзядзька Кандрат так сказаў:

– Звычайная бульба ,а якая смачная! Што дома зварыш—хіба ж такая? Не, не параўнаць. Дзякуй яшчэ раз вам за пачастунак.

А дзед Аўгей паляпаў Лёньку па плячы, паглядзеў на ўсіх:

– Так што, Лёнька, снікерс-брыкерс твой нашай беларускай бульбачцы, ды прыгатаванай на дровах і на свежым паветры, і ў падэшвы не прыгодны. Не, ніколі. Мы ж з вамі бульбашы. Нам без бульбы ніяк не пражыць. Без снікерсаў—можна, а без яе далёка не ступіш. Так што, мае маленькія бульбашы, калі-небудзь я зноў вас паклічу да сваёй печы.

Дзеці яшчэ доўга сядзелі з дзедам Аўгеем на лаўцы. На небе ўспыхнулі зорачкі, пацягнула з лагчын казытлівым халадком, а стары баіў ім пра свае, мабыць, паходжанні на вайне. І ўсім было хораша.

Пасля такой смачнай вячэры інакш і не магло быць.

ПРЫЗ

Неяк у нядзельны цёплы летні дзень сабраліся ў хаце дзеда Аўгея ўнукі і праўнукі, што жывуць у горадзе. Унукі дарослыя ўжо людзі, а праўнукі—дізятва, як той Юркка ці Лёнька, акурат такія.