Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 137

Васіль Ткачоў

За доўгім дзедавым сталом усім хапіла месца. Паабедалі, патупалі на двор. У цэнтры ўвагі—дзед Аўгей.

– Бачыцца мне,– глядзіць ён на ўнукаў,– што Сашка з Петрыкам зусім нічога не елі, ленаваліся, ох і ленаваліся за сталом. Ці не так, хлопцы?

– Елі, добра елі,– амаль у адзін голас апраўдваюцца ўнукі.

– А гэта лёгка праверыць,– задумвае зноў нешта дзед.—Давайце на прыз згуляем. Пераможа той, хто гучней крыкне. А крыкне дужэй той, зразумелая справа, хто лепш працаваў за сталом лыжкай. Ён і стане маім чэмпіёнам. Згодны?

Дзеці пагаджаюцца, ім цікава і сапраўды выйграць прыз, а заадно і даказаць, што дзед памыляецца, што не ленаваліся яны за сталом.

– А які прыз будзе, дзеду?– пытае Петрык.

– Прыз? Ды прыз вунь... у садку на дрэве вісіць. Яблык.

Дарослыя ведаюць штукарствы дзеда, таму і яны зацікавіліся: што на гэты раз ён вытварыць?

– Ну што, пачнём, малеча? Хто першы будзе крычаць?

Стараліся ўнукі. Чуваць было, відаць, на другім канцы вуліцы, што на двары ў Аўгея праходзяць спаборніцтвы. Перамог Сашка. Так вызначыў сам дзед.

– Цяпер бачу, што паабедаў ты добра. Перамог. Астатнія таксама малайцы. Скокні сам, Сашка, на дрэва і сарві той яблык, які табе найбольш спадабаецца. Ён твой прыз. Атрымай. Для пераможцы не шкада.

Сашка шырока ўсміхнуўся, быў задаволены, што дзед назваў яго чэмпіёнам. Хуценька ўскараскаўся ён на яблыню, сарваў яблык, што сам ўпадабаў, грызануў... і зморшчыўся. Кіслы які! І кінуў яблык на зямлю. А дарослыя заходзяцца ад смеху. Ну і дзед! Ну і артыст! Аўгей жа зняў картуз, пашкроб кручкаватым пальцам лысіну, хехекнуў у вусы і сур’ёзна сказаў:

– Гэта ж лясоўка, яблыня такая. Дзічка. У лесе выкапаў маленькую, усё збіраўся прышчэп зрабіць... ды так рукі і не дайшлі. Сашка вось падрасце, ён прышчэпіць. Так, Сашка?

Хлопчык згодна ківае.

– Малайчына. І Петрык з Мішам табе дапамогуць. Тады на гэтым дрэве будуць расці не кіслыя прызы, а салодкія. Дажыву я ці не, сказаць не бяруся, а вось Сашка, як законны мой чэмпіён, вас усіх тады пачастуе смачнымі яблыкамі...

СКАРГА

Зноў неяк старому падвярнуўся пад руку першакласнік Лёнька, толькі бег на гэты раз ён не ў школу, а дахаты.

– Здароў, Лёнька!– бадзёра павітаўся Аўгей, а вітацца ён любіў—дзеля гумору—па некалькі разоў на дзень з адным і тым жа чалавекам.

– Ы-гы,– хлопчык спыніўся, прыплюснуў вока, зморшчыўся: сонейка якраз у твар.

– Што нясеш?

– Ранец.

– А ў ім што? Двойка, канешне?

– Ы-гы.

–Мог бы і не прызнавацца—я праз твой ранец бачу, што яны, кручкаватыя, шавеляцца там, кішаць, як уюны на патэльні. Ты не хавай ранец за спіну... Вось так, вось так трымай... Во, ажно дзве. Угадаў дзед?

– Ы-гы.

– Што ты заладзіў: «ы-гы, ы-гы»! Ці ў цябе слоў іншых няма? Настаўнікі чаму вучаць?

– Пісаць... чытаць,– адбіваецца Лёнька, яму ўжо і самому карціць ведаць, адкуль стары пра двойкі пранюхаў.—А як ты, дзед, убачыў, што ў мяне дзве двойкі?

– Ды проста: яны такія тлустыя, што прасвечваюцца праз ранец.

Лёнька падняў ранец упоравень з тварам, круціць-верціць яго перад вачыма, але нічога не заўважае.