Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 134

Васіль Ткачоў

Але значна больш, перакананы, будуць жыць гісторыі пра дзеда Аўгея і дзяцей, якія склалі, такім чынам, невялічкую аповесць. І, што прыемна, пра яе магу сказаць без лішняй сціпласці: працяг будзе. Бо як прыгадаю нешта цікавае пра свайго дзеда, адразу ж запісваю. Каб самому не забыцца і вам расказаць.

ПЕРШАКЛАСНІК ЛЁНЬКА

У гэтай невялічкай лясной вёсачцы няма сваёй школы. Ды яна і не трэба—адзін вучань усяго жыве тут. Лёнька. Хлопчык ён гарэзлівы, шустры. Спярша маці вадзіла малога ў суседнюю вёску за два кіламетры, каб Лёнька граматы набіраўся ў першым класе, а потым хлопчык насупіўся: « Я сам!» Ён не сказаў маці, што дзеці пачалі кпіць з яго: эх ты, сам у школу ўжо прыйсці не можаш, герой!

І пачаў Лёнька хадзіць у школу сам. А дзед Аўгей, як заўсёды, ужо раненька на лаўцы сядзіць,папяроску смуголіць:

– Ты куды, Лёнька?– пытае дзед , нібы не ведае.

– У школу,–кажа Лёнька.

– Дык гэта... навошта пантоплі рваць... у белы свет у школу тэпаць?– хітравата глядзіць на малога Аўгей.

– А што?– Лёнька спыніўся.

– Нічога асаблівага, я ж і кажу. Можна ж і пантоплі не рваць, і граматным быць.

– Як гэта?– цікава Лёньку.

– Хочаш, я цябе вучыць буду?

Лёнька яшчэ больш зацікавіўся, падступіўся бліжэй да Аўгея. А стары працягвае:

– Ну. Навучу. Пісаць і чытаць. А што табе яшчэ трэба? Давай, запісвайся да мяне. Падавай заяву. Я табе і дакумент потым выдам, не горш за тую школьную ацістацыю, і пячатку з бульбіны... з самай вялікай андрэты выражу—і хлопну на дакумент. Га? Без екзаменаў цябе куды хочаш прымуць пасля маёй навукі. У любую акадземію. А то выдумаў—у белы свет хадзіць, каб навучыцца чаму-небудзь. Я цябе, Лёнька, і раней яшчэ выпушчу—усіх абскачаш, ужо можа якім інжынерам станеш ці касманаўтам, а дружбакі твае будуць яшчэ ў той школе млець. Дык думай, Лёнька. Думай.

Лёнька раптам развярнуўся і наўскач паімчаў дамоў. Праз колькі часу ён на той жа хуткасці прашмыгнуў каля Аўгея, паказаў старому язык—прывітанне, а як жа, ад бацькоў. А сам у школу ж пабег, куды яшчэ.

– Чаго добрага спозніцца, жэўжык,-- праводзіў вачамі хлопчыка Аўгей, хітравата ўсміхнуўся.—Бяжы, бяжы, Лёнька. Вучыцца трэба. Ты дзеда не слухай. Дзед напляце табе бочку арыштантаў... Бяжы, бяжы...

СЛЁЗЫ І ЦУКЕРКА

Да бабкі Вулляны дачка прывезла з горада ўнука Юрку—на ўсё лета, каб малачка папіў, ягадамі ды яблыкамі паласаваўся. Хлопчыку яшчэ далёка да школы, у садзік надакучыла хадзіць, а ў бабулі яму добра. Тут і куры, і кот Васька—яго лепшы дружбак. І вуліца шырокая, утравелая—не гарадскі асфальт. Прыемна тупаць. Ён і ходзіць па траўцы. Якраз з дзедам Аўгеем параўняўся.

– Здароў, Колька!– стары прыўзняў картуз, кіўнуў.

Вуллянін унук павярнуўся да дзеда, надзьмуў шчокі, а потым па-даросламу пераканаўча сказаў:

– Я не Колька.

– Не, ты Колька.

– Я не Колька. Я Юра,– сур’ёзна сказаў хлопчык.

– Не, няпраўду кажаш. І дзе ж ты так хлусіць, цікава мне, навучыўся? Ты—Колька!

– Я – Юрка!– малые пачынае тупаць нагамі, даказваючы, хто ён ёсць на самай справе.–Я–Юрка!