Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 133

Васіль Ткачоў

Карову заманіць на гарышча было нялёгкай справай. Але хлапчукі ўхітрыліся. Яны выцягнулі з паркана пралётку, і Хмарка, хоць і ўпіралася, усё ж ускараскалася па ёй. А каб была ёй ахвота ўзбірацца на гарышча, Сяргейка казытаў ноздры рагулі клачком сена. Духмянага, шапаткога. Хмарка і перамагла страх. Голад – страшней, відаць, за яго. За любы страх страшней. Яшчэ ж удзень Сяргейка залез у Ганніну пуньку і выграб з кармушкі усё сена. Да грама.

Да чаго толькі не дадумаюцца хлапчукі!

– Наказ, хлопцы, будзе вам такі, – дзед Нупрэй шкадаваў, што застаецца адзін, але нічога не паробіш – нельга Юраську больш у вёсцы, нельга, і хваляванне старога выдаваў яго маршчыністы, але заўсёды добры, спагадлівы твар. – Слухайцеся там... Не шалапутнічайце. Юрка, асабліва ты глядзі. З адной рукой у бой не прыся. Прыстройся дзе на кухні. Таксама важна. Мо хлеб будзеш мужыкам выпякаць памагаць. Ці нянькай напрасіся – сына камандзіра, Лёшку, гушкай... Ды і нас не забывайце, – млынар павярнуўся да Лявона Кончыка. – Правільна, Лявон?

– Усё верна, кум, – ціха і з сумам у голасе адказаў той.

– Іван Даўгалыгі сёння дома. З ім у мяне дамова была, не думайце, жэўжыкі, што Нупрэй наперад не глядзіць. Усё прадугледзеў. Ну дык што, будзем выбірацца? Давайце, браткі...

Авадзень вёз іх у ноч, цёмную і ціхую. На небе густа гарэлі зоркі. Віселі яны і над ветраком, і хлапчукі бачылі, як крылы-махі ўпіраліся – калі глядзець зводдалі – у зорнае неба, і на самых кончыках іх віселі начныя агеньчыкі. Здавалася, што вось-вось вятрак замахае крыламі, і зорачкі заскачуць па небе, павядуць над ветраком карагод, вясёлы і шчаслівы...

... Наперадзе была яшчэ ўся вайна.

Апавяданні

ДЗЕД АЎГЕЙ І ДЗЕЦІ

Стары Аўгей больш сядзеў на лаўцы каля сваіх веснічак, абапершыся на кіёк, і назіраў за жыццём, што ладзілася на вясковай вуліцы. Маленькія вочкі-гузікі паспявалі ўсё ўбачыць, запрыкмеціць,-- нічога не прапусцяць. Ён ахвотна ківаў галавой на прывітанні-паклоны вяскоўцаў, іншы раз змахваў картуз, бліскаў лысінай, нешта мовіў прахожым, цікавіўся, ці прывезлі ў краму хлеб, тады-сяды скардзіўся, што доўга няма дажджу... Ну, а калі побач прашмыгне хто з дзятвы, абавязкова зачэпіць таго словам, стараўся прыпыніць каля сябе, і тады адбываўся невялічкі спектакль каля веснічак старога Аўгея. Хоць і не толькі каля веснічак -- там, дзе заўсёды былі дзед і дзеці...

Нядаўна я пабываў у сваёй вёсцы каля той хаты, у якой жыў мой дзед Аўгей. Паколькі даўно ўжо няма дзеда Аўгея і бабы Аксінні, а ў хаце ніхто не жыве, і яна, хата, таксама памірае...