Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 131

Васіль Ткачоў

– Ліпа! – трасянуў рукой з паперкай паліцай.

– Как понімат – ліпа? – не зводзячы вачэй з Юраські, запытаў камендант у бобіка.

– Хлусня тут! Няпраўда. Яны каго захацелі вакол пальца абскакаць, пан камендант? Нас?

– Што прыкажэт с табой делат? – ні на хвілінку не зводзіў строгага позірку з Юраські камендант. – Гавары, парцізан!

Голас у каменданта пацяжэў, твар наліўся злосцю і нянавісцю да Юраські. Што скажаш яму, ворагу? На калені перад ім упасці, расхлімкацца, прасіць міласці? Не, не... Юраська так не зможа.

Ён як стаяў перад камендантам з высака ўзнятай галавой, так і працягваў, толькі ўспаміналіся яму маці з сястрычкай, тата, дзед Нупрэй, Паўлік з Сяргейкам... І было вельмі шкада, што так і не паспелі яны адпомсціць па-сапраўднаму паліцаю Вітуху. А як там тата на фронце? Што мама робіць дома? А сястрычка Ліда? Хацелася б паглядзець увесну, ці прыжылася бярозка каля падворку...

– Інтэрэсно, он молчіт, – павярнуўся нарэшце да афіцэраў і салдат камендант. – Он жіт не хёчет... – І махнуў рукой:– Расстрэлят!

І пашыбаваў да ганку, не звяртаючы ні на каго ўвагі, углядаючыся перад сабой, злы і рашучы. Вітух таптаўся на месцы, не разумеючы, мусіць, сур’ёзна вынес прысуд хлапчуку камендант, ці як... Нарэшце ён, бачачы, што камендант схаваўся ў памяшканні штаба, паўтарыў яго загад, не так строга, але і без жаласці:

– Расстраляць!..

Юраська толькі цяпер, калі штурхануў яго ў плячо вінтоўкай немец, адчуў, што не слухаюцца ногі, зусім не слухаюцца, бы прымерзлі да зямлі, пакуль ён стаяў, а па целе расплылася стома. Быццам ажыла, навалілася на яго зноў немач, якую адчуў ён, калі бліснула перад вачмі тая асляпляльная маланка...

Юраська ішоў па вуліцы, чуў за спіной нетаропкія крокі варожага салдата, яго дыханне. Паварочваць галавы назад, на немца, не адва-жваўся. Навошта? Ён і так добра ўяўляў, як той трымае напагатове вінтоўку, мерае крокамі яго вуліцу, на якой знаёмы кожны кавалачак зямлі, на якой звонка смяецца і галёкае яго дзяцінства...

А вунь і цётка Аксіння. Юраська заўважыў суседку, адвярнуўся. Не хацелася глядзець у вочы ёй, цётцы Аксінні. «Скнара і ёсць скнара, – падумаў з крыўдай хлапчук. – Навошта я ў яе курэй тых браў?»

– Пан салдацік, пан салдацік, – старалася загля-нуць цётка Аксіння ў вочы немцу. – Вы што гэта з дзіцёнкам рабіць хочаце, га? Ды не вінаваты ж ён! Не вінаваты! Сама бачыла, як партызаны яго білі! Усім клянуся – білі!

Немец гергетнуў па-свойму, штурхануў вінтоўкай цётку Аксінню, удабавак узнагародзіў яе выспяткам, і яна не ўтрымалася на нагах: добранька чмякнулася, але скрутак з рук не выпусціла. Страх прыцяў яе да зямлі, яна ляжала, нібыта забітая, доўга і ціха, а потым усхапілася і толькі пяткі замількалі па селавой дарозе.

Бліжэй да сваёй хаты яна сутыкнулася твар у твар з дзедам Нупрэем, з Лявонам Кончыкам і хлапчукамі.

– Там... там... – махала яна рукой, глытаючы словы. – Юрачка міленькі-і... Выратуйце яго, родненькія, выратуйце! – На вачах цёткі Аксінні блішчэлі слёзы.