Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 124

Васіль Ткачоў

– Прасі ў каменданта свежыны! – параіў дзед Нупрэй.

– Пан камендант, пан камендант, – нібы заезджаная пласцінка, бубніў немец.

І раптам Юраська ўбачыў, што няма на возе вінтоўкі. Ляжала ж. Сказаў дзеду, той насця-рожыўся:

– А маць тваю так! Згубіў, ну ты паглядзі на яго, ваяку! Га?

– Пан камендант, пан камендант... – па-ранейшаму мармытаў немец.

– Ты не камендантуй тут, а скажы лепш, дзе твая пух-пух? – млынар нацягнуў лейцы, і конь спыніўся. – Дзе, пытаю, твая пух-пух?

Немец адразу, падалося, працверазеў, закорпаўся ў саломе, а потым загадаў:

– Цурук!

– Просіць, каб ехалі назад, – падказаў Юраська.

Давялося млынару паварочваць, хоць і не хацелася, Авадня, ехаць назад, шукаць тую вінтоўку. Дзед Нупрэй лаяўся на немца, і не адразу заўважыў, як той выкуліўся з саней і, шырока трымаючы перад сабой рукі, быццам збіраўся кагосьці заціснуць у сваіх абдымках, кінуўся да возера. Толькі цяпер дзед Нупрэй і Юраська здагадаліся, што да чаго. Яны бачылі хлапчука, які слізгаў на самаробных каньках, а на плячы ў яго боўталася вінтоўка, цаляючы ствалом у блішчасты лёд. Глядзелі яны на немца, на таго хлапчука і ад душы смяяліся: ну і хлапчына, ну і малайчына – такі выгляд у яго, быццам за спіной не сапраўдная зброя боўтаецца, а самая звычайная драўляная палка. Толькі з папружкай.

Далей, пакуль і не прыехалі ў вёску, немец трымаў зброю аберуч. У Хатоўні ён злез з санак, абтрос з адзення салому, паказаў на вінтоўку і прымырмытаў:

– Гут, гут!

– Гутай гутай, – параіў яму дзед Нупрэй і лёгенька шлёгнуў Авадня лейчынай па спіне.

Усе непрыемнасці, калі гэта можна назваць іх так, пачаліся пазней. Як і чакаў Юраська. «Не можа ж дзед Нупрэй заўсёды чыстым з вады выходзіць». Паліцай Вітух, калі ўбачыў парсюка, што ляжаў на возе, ледзьве не пляснуўся, падалося, вобзем:

– Дык каго ты мне прывёз, стары корч? Дзе той парсюк, якога я табе даваў, га? Адказвай, не глядзі так, быццам баран на новыя вароты! Адказвай!

Дзед Нупрэй спакойна паглядзеў на бобіка і спытаў:

– Дык ты будзеш яго забіраць ці куды мне падзець свінчо? Давай указанні.

Аднак бобік не спяшаўся загадваць, усё дапытваўся, дзе падзеўся сапраўдны парсюк.

– Што я табе скажу, Вітух? – па-ранейшаму спакойна глядзеў на паліцая стары. – Усё па чыну. Усё так. Паменеў трохі парсючок. То не мне ж табе гаварыць, чаму... Не на дрэве ж сядзеў, калі рос, а ў вёсцы, сярод людзей, то павінен ведаць – чаму паменеў парсюк...

– Ну, чаму? – не цярпелася паліцаю.

– Давай-ка я цябе саломай пасмалю столькі, колькі яго, то паглядзець мне ахвота будзе, паменееш ты ці пабольшаеш...

– Цьфу! – плюнуў Вітух і пабег дакладваць каменданту, што свежына, як і належыць, будзе пададзена сёння да стала: запрашайце сваіх гасцей, пан начальнік, пачастуем.

«Не прападзеш з дзедам Нупрэем!» – радасна падумалася Юраську.