Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 114

Васіль Ткачоў

– Чаму, Нупрэй? Чаму? Я адужу...

– Я сказаў: не! – як адсек дзед Нупрэй.

– Маць тваю, га! – Вітух злуецца, крэкча, сапе, тупае нагамі, але сабраўся і павёў наступленне на дзеда Нупрэя. – Запалкі дзе? Запалкі! – Ён нервова корпаўся ў сваіх кішэнях, то ў адной, то ў іншай, рукі ў яго трымцелі, але не знаходзіў іх, хоць толькі ж што прыкурваў. – Спалю, спалю вятрак, і ўсе размовы тут!

– На, палі,– дзед Нупрэй падаў паліцаю запалкі. – Палі, матары тваю!..

Нупрэй, вядома ж, пагарачыўся. Ого, так і дазволіць ён табе, каб млын па ветры пусціў нейкі там Вітух аднавокі. Горла перагрызе за вятрак, а не дасць. Бо што ён без млына, Нупрэй? Нібыта даведка без пячаткі. Юраська помніў жа, што дзед і сам не аднойчы прызнаваўся: «Я, хлопцы, без вятрака, што і ён без мяне: мёртвы...»

Аднак спалохаўся такога павароту справы , мусіць жа, і бобік. Млын патрэбны і яму. Не так яму, як немцам. Карміць жа іх трэба. Адным жа паветрам сытыя не будуць.

– Схавай запалкі, – адхіліў руку старога з карабком паліцай. – Навошта ж паліць такую пабудову? Ты што, стары, і сапраўды з глузду з’ехаў? Ды я пажартаваў...

Цётка Маруся перахрысцілася:

– Слава табе Госпадзі! Слава табе Госпадзі!..

– Не падумай, што немец прыйшоў да нас толькі ламаць і паліць. Не. Ён і будуе. Вэн мост цераз Дняпро...

– Будаўнікі, забрыкай вас каза! – млынар плюнуў. – Нашы падарвалі, а яны будуюць. Каму такая будоўля да смаку? Вы пабудуеце,разгоніцеся!..

– Распрагай каня! – загадаў паліцай Марусі. – Але ты, дзед, у мяне за ўсё адкажаш! Абяцаю! Ну, чакайце! Я прывяду мужчын, яны ўнясуць мяхі, так і быць.

– Вось гэта іншая справа, – дзед Нупрэй быў, вядома ж, рады сваёй хоць і маленькай, але ўсё ж перамозе над паліцаем. – А каня, Маруся, і праўда, распражы: няхай траву паскубе.

– Можна, я? – падаў нарэшце свой голас Юраська.

Хлопчык, канешне ж, атрымаў дазвол, і неўзаба-ве конь скуб траву, а паліцай Вітух пачыкільгаў у вёску – за падмогай. І падмога прыбыла, мяхі мужчыны занеслі на вятрак. Паліцай задаволена паціраў далонямі: што цяпер скажаш, старэча? Аднак дзед Нупрэй сказаў крыху пазней, для прыліку пакорпаўшыся ў механізме ветрака:

– Пішы, Вітух, прапала: сёння нічога не атрымаецца...

– Як гэта? – не паверыў паліцай.

– Ветру няма. Не хоча працаваць вятрак, не махае сваімі крыламі.

– Загадай яму! – сцяўшы зубы, нахабна параіў Вітух. – Ну, я каму сказаў!

– Не крычы, я не глухі. А як я магу малоць тваю муку, калі вятрак упарціцца: гэта ж не чалавек, яму не загадаеш.

– Як для сябе малоць хлеб – вецер ёсць, а нам, новай уладзе, ветру няма. Так? Нешта я не прыпомню, каб калі вятрак раней не махаў?.. Заўжды ж, як зерне ёсць, круціць! Круці, а то застрэлю!

– Ты ж не малы, Вітух, а дарослы. Няма ветру. Ну, няма. Дзе я табе яго вазьму?

– Возьмеш. Сам дзьмуць будзеш на вятрак, сам!

– Вятрак – птушка вольная. Яму не загадаеш. Ведае ён, атрымліваецца, каму трэба малоць, а каму – не. Разбіраецца, выходзіць. Мудры вятрак у мяне. Мудры. І сам раней не ведаў, што ён такі.

Паліцай Вітух раптам сарваў з пляча карабін і стрэліў угару.

– Другая куля – твая, Нупрэй!