Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 113

Васіль Ткачоў

– Адпусці, кажу!

– Я цябе адпушчу, калі ты пасінееш, старая торба!

Аднак дзед Нупрэй адбіўся – ён піхнуў паліцая колькі было моцы і яшчэ не пабаяўся папярэдзіць яго:

– Калі будзеш рукі распускаць, прымушу поўзаць на каленях. Хоць не ручаюся, што так не будзе і цяпер. Курыць выходзь на двор, тут і не мылься. Чужая табака смярдзіць дужа.

І першы накіраваўся да дзвярэй. Паліцаю нічога не заставалася, як патэпаць за ім, але перш, чым выйсці, ён паправіў на плячы карабін і крэкнуў.

Юраська застаўся на млыне, і хоць храбрыўся ён, аднак адчуў, што трымціць цела: усё ж Вітух – злосны і страшны чалавек, і ён стараўся ўявіць, як далей будуць разгортвацца падзеі на млыне. Так проста дзед Нупрэй не здасціся. Думалася яму і пра іншае. Дзе ж сапраўды Вітух будзе хлеб браць? Рот разявіў не на жартачкі – воз кожны дзень! Гэта ж колькі трэба снапоў нажаць? Няўжо ён і сапраўды разлічвае на хатаўнянкі хлеб? А смалы з дёгцем не хочаш, Вітух! Паспрабуй знайдзі той хлеб. Схавалі, калі ведаць хочаш, яго ў лесе так, што дзед Нупрэй баіцца, каб хоць самім не забыцца, дзе ён. Так што, Вітух, шукай зерне дзе хочаш, выконвай загад, а на хатаўнянцаў і не разлічвай. Той хлеб для нашых салдат, яны яго і будуць есці. Партызаны таксама.

Юраська пачуў, як дзед Нупрэй спытаў у паліцая:

– Дык ты што, ужо жыта вязеш?

– Жавіннікаўскае, – паліцай паказаў адным во-кам на фурманку, якая ледзь цягнулася пад гару да млына. – Заўтра ж, я табе кажу, трэба муку дастаўляць на новую хлебапякарню. Ці ты глухі?

– А калі не даставіш?

– Тады я цябе дастаўлю, куды трэба! Па адрасу!..

– Не зайдрошчу я табе, – крадком зірнуў на Юраську млынар, падміргнуў. – Навошта ж было ў такое начальства перціся, ты вось скажы мне? Ды і што гэта за чын, што тое падай, тое прывязі, таго знайдзі... Воўчая пасада. Кормяць хоць добра?

– Угаманіся, дзед! Не твая сабачая справа! Ты так і не еў ніколі. І не сніў нат.

– Толькі нешта худы дужа. Яшчэ больш высах на казённых харчах.

– Трэба – і высах. І яшчэ высахну. Хто цябе просіць лезці, куды не трэба? – і ўжо больш лагодна. – Прымай вунь мяхі. Да раніцы змелеш?

Цётку з Жавінніка, якая прывезла на рыпучай фурманцы гару мяхоў, млынар сустрэў бы старую знаёмую, павітаўся з ёй, папытаў:

– Як здароўе, Маруся?

– Было некалі і здароўе, Язэпавіч. А цяпер і сказаць не ведаю што... Мяхі вось цягаю, а к вечару ногі. І не ведаю, хто я – мужык ці баба?

– Сама загружала?

– А хто? З Лёксай Верамейкавай удвух.

– А мужчына і не памог? – Нупрэй кіўнуў на паліцая.

Маруся перахапіла бобікаў позірк і палічыла за лепшае прамаўчаць, аднак млынар усё і так зразумеў. Ён паглядзеў на паліцая і сказаў даволі строга:

– Слухай сюды, начальнік. Я ўсё жыццё на гэтым млыне, і ніводнага разу ў мяне жанчына не надрывалася. Не дазволю Марусі і сёння адной цягаць мяхі. Сам я ўжо стары, не змагу... Хлапец – малы... Шукай людзей, Вітух... Альбо сам упрагайся. Такое маё слова.

Вітух, на здзіўленне Юраські, маўчаў, толькі вадзіў сваёй вялікай і круглай галавой па баках і не ведаў, што адказаць старому. Цётка ж Маруся спалохалася: