Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 105

Васіль Ткачоў

10. ЦЁЗКА

Спаў Юраська без задніх ног. Натаміўся за дзень. Нешта быццам снілася, але як ні стараўся ўспом-ніць – што снілася, калі расплюшчыў вочы, нічога не атрымлівалася. Усё змяшалася ў кучу. Нейкі кавардак. А што помнілася? Быццам у хаце сядзіць на лаве невядомы мурзаты дзядзька і п’е з чорнага гарлача малако, сапе і п’е... І адкуль ён тут узяўся? Навошта? Хто такі? Пратэпала па падлозе мама, прарыпелі масніцы... І ці яна гэта? А, можа, хто іншы? Быццам і не яна...

Прадраў хлопчык вочы, нерухома ляжаў у ложку і гадаў, сон гэта ці што. Прыслухаўся. Быццам і сапраўды нехта п’е малако – чуваць, як глытае: юк-юк-юк... Каганец на прыпечку смуродзіць, на сцяне зіхаціць цень ад кароценькага язычка полымя. «Які ж гэта сон! – Юраська нарэшце адарваў галаву ад падушкі. – І хто такі гэты дзядзька? Маці прайшлася па падлозе... так, яна».

– Спі! – строга паглядзела на Юраську мама. – Рана яшчэ.

– Выспаўся.

– Усё роўна спі, а то будзеш блытацца толькі пад нагамі!

Хлопчык не паслухаўся, пазяхнуў, моўчкі апра-нуўся, моўчкі сеў на ўслон – твар у твар да невядомага чалавека, які ўжо даўно напіўся малака і хваліўся, які ён добры ваяка. Калі яго паслухаць, то дзе не быў і чаго не бачыў. Юраську такое не падабаецца: хвалько! Сапраўдны салдат хваліцца не будзе.

– А-а, прачнуўся, гвардзеец! – нібы даўняму знаёмаму, усміхнуўся Юраську чырвонаармеец, і што ён быў чырвонаармейцам – адразу відаць: у салдацкім жа адзенні, а будзёнаўка ляжыць побач, зорачкай на печ – Ну, гаспадыня, дзякуй вам. А мне пара. Пакуль яшчэ спяць усе, то я па агародах да лесу, а там разбярэмся... Ваўку не страшна ў лесе – ваўку страшна сярод людзей. Вось так, хлапчына! – Чырвонаармеец падміргнуў Юраську, паляпаў па плячы і спытаў: – І кім жа ты стаць хочаш, калі вырасцеш?

– Партызанам!

– Ого-о! Ты далей, землячок, глядзі, далей. А з немцамі як-небудзь мы самі разбярэмся. Партызан – гэта не спецыяльнасць. Гэта так... Вось хлебаробам – чым кепска? Ці пілотам? Га? Во гэта прафесіі! Эх, мне б самому за плужком прайсціся, на цёплай баразне пасядзець. Засумаваў я па полі, Юрка. Юрка, так?

– Ага.

– Каб ведаў, як засумаваў! Хоць плач. А трэба – бачыш? – ваяваць.

– Хлеб мы і так... – Юраська шморгнуў носам, хацеў расказаць пра вятрак, пра жыта, але спахапіўся: а што, калі?.. Мала што ў гімнасцёрцы і ў будзёнаўцы з зорачкай. Начапіць на сябе можна чаго хочаш. А нагаворыш абы- чаго – атрымаеш тады ад дзеда Нупрэя на сухары.

І прыкусіў язык.

– Ціха, кажаце, у вас? – чырвонаармеец паглядзеў на Юраськаву маці.

– Ціха, ціха, дзетка.

Дзетка. У яго вунь ужо і вусы ёсць, а мама: дзетка. Можна падумаць, што ён малы які. Дык не ж – калі ўстаў з лавы, то галавой ледзь не ў столь упёрся.

– А то адпачылі б. Удзень у нас спакойна. А то гляджу я на цябе, салдацік, і бачу, што нейкі ты дужа замучаны.

– Гэта так. Тры тыдні ідзем да сваіх. А вось наконт адпачыць – слушна. Відаць, паслухаемся вас. Калі і прыляжам, то толькі не ў хаце. Нам у пуньцы каб. Жмуток сена ёсць – лепшага ложка і не прыдумаць. Дазволіце ў пуньцы, гаспадыня? Але спярша мушу падзякаваць за хлеб і гасціннасць.