Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 103

Васіль Ткачоў

– Не балаболь! – папракнуў Аксінню Марцін. – Мянціш во толькі дарэмна, час займаеш. Курэй дык ты немцу і на нюх не паказала, а хлеб няхай грабе. Ты гэтага хочаш?

– Ты курэй маіх не чапай!

– І соткі лішнія на цябе пакуль ніхто не ўзваліў,– памяркоўна працягваў Марцін. – Я вось што думаю. Усё ж трэ аловак узяць у рукі ды і запісаць, хто ў нас працаздольны. І браць у разлік кожнага. Каб пароўну. Каб не крыўдна.

– Вынесу, вынесу аловак, – заспяшаўся ў млын Нупрэй.

Неўзабаве вярнуўся, уручыў Лявону аловак і кавалак паперы.

– Пішы, Лявон, пішы, кум, – а потым успомніў, што Кончык не багата чаго дамогся ў грамаце, таму забраў усё назад у таго з рук, адшукаў вачыма ў натоўпе Юраську, даў знак, каб падбег. – Як і ў любой саліднай і паважаючай сябе канторы, у нас таксама пісарчук ёсць. Падыходзьце, запісвайцеся. Глядзі ж, Юрась, паўважлівей будзь, не праміні каго. А то ляманту будзе. А Лявону шапнуў: – Пасмялей, свае ж людзі, мямля! Не з’ядуць! Будзь, як у мяне на млыне! Ну-у!

Аказаліся ў тым спісе побач з дарослымі таксама сам пісар Юраська, Паўлік і Сяргейка, іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі.

– Цяпер поўны парадак, – працягнуў паперу Нупрэй Лявону. – Ажур. Трымай і беражы. Тут ўсе твае байцы. На іх і абапірайся.

9. КУДЫ ЕЗДЗІЎ СТАРАСТА

Каля хаты старасты хлапчукі, калі вярталіся ад ветрака са сходу, убачылі самога Ігната. Неяк дзіўна паводзіў сябе ён. Надзьмуты, засяроджаны, а вочы – хіба ж не відаць! – так і стрыгуць па баках: ага, што там у нас, шаноўныя, куды тэпаем, адкуль? Абапершыся на тын, Ігнат курыў – пускаў такія вяроўчыны дыму, што неба не відаць. Канешне ж, нервуецца! А што яму рабіць, калі людзі пачынаюць жніво, а ён і перашкодзіць гэтаму не можа! Хоць трэсні ад злосці, а карысць адна: вяскоўцы, вайна ім ці яшчэ што, свой сялянскі клопат ведаюць і не перашкаджай ім, стараста!

Назаўтра надвор’е выдалася як па заказу – сонечна, цёпла. Хатаўнянцам лёгка працавалася ў полі. Ды і каб нават дождж ліў, а жыта жаць трэба. Кожная хвіліна дорага каштуе. Таму і спяшаліся людзі, бабкі з кудлатых залатых снапоў раслі хутка – неўзабаве іх было ўжо не злічыць. Дзед Нупрэй спярша спрабаваў рабіць гэта, а тады абвёў позіркам сваіх зачэпістых вачэй людзей, плюнуў і сказаў гучна, каб чулі ўсе:

– Не ўганюся! Да трыццаці яшчэ ў мяне добра атрымліваецца, а далей завалілі снапамі тымі – не прадыхнуць! А што я гаварыў? – Нупрэй раз-пораз выціраў узмакрэлы лоб рукавом кашулі. – То-та ж!.. Кожны па снапу – бохан хлеба, мяркуй. Салдат на фронце двое сутак пражыць зможа. А тут, бач, колькі іх ужо, тых снапоў. Адна Аксіння навярцела іх калі не сотню. Рота байцоў ёй аддзячыць сваім геройствам. І сумнявацца не трэба.

Аксіння ж дзівіцца на млынара, папраўляе хустку і весела шчабеча:

– Халодненькай вадзічкі каб, я б, Нупрэй, і яшчэ больш снапоў нажала, яй-богу. Папрасі хлопцаў, хай вады з Драздовай крынічкі прынясуць. У ёй вада, – абпілася б, да таго смачная. Цябе хлопцы паслухаюцца.

– Мяне – канешне! – Нупрэй задаволены, што Аксіння не сама просіць хлопцаў, а давярае гэты клопат яму. – Тут ты маеш рацыю, маладзіца. Так, а дзе ж яны? Ага, бачу!