Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 104

Васіль Ткачоў

Калі ж адгукнуўся Юраська і падышоў да старога, той загадаў камандзірскім голасам:

– Кліч сваю гвардыю! Баявое заданне ёсць!

Што заданне тое не надта сур’ёзнае, хлапчук адразу здагадаўся: не будзе ж ён ім ставіць задачу пры ўсёй, лічы, вёсцы. Не памыліўся. Так і ёсць. Прапанаваў усяго-наўсяго сабраць у людзей посуд і прынесці халодненькай вадзічкі з Драздовай крыніцы. А біклажак розных набралася – ого! Тут і Паўлік з Сяргейкам не выручаць. Юраська лыпнуў вачыма: што ж рабіць, дзеду? Нупрэй зразумеў усё без слоў і выдзеліў у памочнікі яшчэ двух зусім маленькіх хлопчыкаў, якія самі па сабе забаўляліся на іржэўніку.

І зноў ім патрапіў на вочы стараста Ігнат.

– Хлопцы, гляньце! – насцярожыўся Паўлік і паказаў рукой на дарогу, на якой грукацелі калёсы.

Соп і фыркаў конь, ляніва ставіў капыты на дарожны пыл, а на калёсах, выцягнуўшы наперад ногі, важна сядзеў стараста. Ігнат вяртаўся ў Хатоўню.

– Куды гэта ён ездзіў? – нядобра падумаў пра старасту ўсё той жа Паўлік. – А што, калі да Вітуха? Прачуў, што мы жыта жнём, і паехаў, гад! Канешне ж, данёс!

Юраська таксама не зводзіў позірку з Ігната, а стараста зухавата – нахабнік, бач ты! – шлёгнуў пугай па распаранай спіне каня і той паслухмяна пабег па дарозе.

– Думаеш, паведаміў? – нарэшце паглядзеў на Паўліка Юраська. – А ты, Сяргей, што скажаш?

Сяргейка, як заўсёды, толькі варухнуў сваімі худымі плячыма: хто яго ведае, адкуль мне знаць? Можа... А можа і не... Цьфу! З гэтым Сяргеем адны праблемы, ніколі сваёй думкі не выкажа, прывык за спіны іншых хавацца. Правільна іншы раз яго маці дома і трымае – а што карысці, хоць ён і тут, з усімі разам? «Не ведаю... Не бачыў... Не чуў...» Юраська злуецца: «Мы адны павінны бачыць і чуць!» Але выгляду не паказвае.

У поле вярталіся амаль подбегам. Хацелася хутчэй расказаць Нупрэю і Лявону Кончыку пра таямнічую паездку некуды з вёскі старасты Ігната.

– Вада едзе! – першай узрадавалася, убачыўшы дзятву, Аксіння. – Не праскачыце ж міма! Куды так разагналіся?

Давялося спыніцца каля Аксінні.

– Вось дзякуй вам, выратавалі ад спёкі! – піла і хваліла яна ваду. –Смакоцце!

Хлапчукі раздалі поўныя біклажкі з крынічнай вадой, а самі адвялі падалей ад жанчын Нупрэя, і Юраська, глытаючы ад хвалявання словы, горача казаў:

– Ігната... старасту бачылі. Ён на калёсах у вёску аднекуль вяртаўся. Можа паліцаю ці немцам сказаў, што жнём?

Нупрэў уважліва выслухаў хлапчукоў, аднак падзяліцца сваімі думкамі пакуль не спяшаўся. Потым нечакана для сяброў сказаў амаль што абыякава, чым астудзіў іх запал:

– Ідзіце працуйце. А за ваду дзякуй. Сапраўды, смачна п’ецца на жніве... Нібы ўпрыкуску з хлебам.

– Дзед Нупрэй! – Паўліку не спадабалася, што стары і брывом не павёў, а справа ж сур’ёзная. – Дык што?..

– Няхай ездзіць Ігнат, куды хоча. Думаеце, у яго клопату няма? Жучок вунь... дзівіцеся, – Нупрэй тыцнуў носам лапця ў сцяблінку, па якой мітусліва паўзла божая кароўка,– і тое на адным месцы не сядзіць. Куды ён, цікава, бедалага, так шпацыруе, галаву задраўшы? Бач, зваліўся, саслізнуў... а зноў шкрабецца. Не павяртае назад. Угору, угору паўзе, анціхрыст... Туды, відаць, дзе яму лепш будзе... дзе зацішней...