Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 11

Сяргей Кавалёў

Не варта, відаць, дэталёва аналізаваць у артыкуле кнігу Л. Дранько-Майсюка «Над пляцам» (1986 г.), хаця штосьці падобнае з першым зборнікам паэта («Вандроўнік», 1983) калісьці здарылася. Кніга тоіць у сабе значныя цяжкасці для крытыка-рэцэнзента з-за сваёй паэтычнай насычанасці, дастатковай асацыятыўнай шчыльнасці, герметычнасці многіх вершаў 1 пэўнай абумоўленасці ix суседнімі відамі мастацтва, aлe разам з тым уяўляе сабой глыбокі i ўдзячны матэрыял для ўдумлівага крытычнага аналізу.

Закранем толькі некалькі момантаў, якія маюць непасрэдныя адносіны да праблем маладой беларускай паэзіі, да працэсаў, што адбываюцца ў ёй і, будзем спадзявацца, маюць адбыцца. Перш за ўсё — да праблемы самавыхавання i самаразвіцця маладых паэтаў, свядомага ўпарадкавання i абжывання імі ўласнага паэтычнага сусвету, неабходнага пашырэння індывідуальнай паэтычнай тэрыторыі.

Богам створаная проза, Д'яблам высненыя вершы — Я стаміўся. Над парогам Пчолы круцяцца i шэршні,—

пачынае адзін са сваіх вершаў Л. Дранько-Майсюк; але, калі адарвацца ад індывідуальнага міфапаэтычнага канструявання паэта i задумацца над пытаннем: кім жа ў першую чаргу створаны яго вершы, адказ, канечне, будзе відавочна просты: самім паэтам. Самім паэтам пабудаваны (лепш сказаць —будуецца) i дзіўны паэтычны сусвет: на аснове рэальнага сусвету i адэкватны яму ў дэталях, але не адэкватны па сэнсу, па функцыянальнаму прызначэнню. Матыў будаўніцтва настойліва праводзіцца з першай кнігі паэта ў другую, вандраванне акрэсліваецца ў месцазнаходжанне, давыд-гарадоцкі каларыт яшчэ больш узмацняецца, набывае сімвалічныя праявы i кладзецца на сусветную карту. Гэта, так сказаць, — будаўніцтва знешняе, зафіксаванае ў тэксце, канчатковы абагульнены вынік мастацкай працы ў канкрэтных вершах. Унутранае будаўніцтва — на ўзроўні псіхалогіі i тэхналогіі творчасці: праца над далейшай крышталізацыяй творчай манеры, пошук новай традыцыі, удасканаленне мовы ў лексічным i сінтаксічным плане, шлях да ўспрымання паэзіяй іншага віду мастацтва (жывапісу, напрыклад), імкненне судакрануцца там з найбольш суадчувальнаблізкім уласнай манеры, з найбольш прыдатным i плённым для творчасці. Як вынік усяго зробленага — якасна іншы ўзровень другой кнігі i бясспрэчная эвалюцыя мастацкіх прынцыпаў; не эксплуатацыя таленту, a ўзбагачэнне, развіццё яго.

Магчыма, недастатковае развіццё ў беларускім літаратуразнаўстве ўласна тэарэтычнага напрамку i поўная амаль адсутнасць спецыяльных прац па псіхалогіі творчасці спрыяюць таму, што нашы ўяўленні пра пісьменніцкую працу цалкам сфарміраваны над уздзеяннем такіх паняццяў, як «талент», «натхненне», «душа», «муза», «творца» i грунтуюцца на пакланенні ўсім класікам без выключэння (незалежна ад уласнага густу), на прызнанні бясспрэчнай дасканаласці i завершанасці кожнага ix радка (якая геніяльная коска! у яго нельга выкінуць ніводнага слова!), хаця самі класікі крэмзалі свае радкі няшчадна i палілі цэлыя раздзелы. Мы пішам пра рытуальнасць усходніх літаратур, пра этыкет у літаратуры сярэднявечча, але ці не праява этыкету i рытуальнасці ў сучаснай літаратуры — заўсёднае прызнанне ўяўнай таленавітасці кожнай кнігі сапраўды таленавітага аўтара, знаходжанне развіцця там, дзе адбываецца дэградацыя, непараўнальнасць узроўню аўтара шасці кніг i аўтара адной кнігі?! Часам ствараецца ўражанне, быццам нас цікавіць толькі адно: таленавіты аўтар кнігі ці не? Калі таленавіты, то i спрачацца няма аб чым, астатняе ўсё — у камплекце. А як канкрэтна рэалізуецца талент у канкрэтны перыяд, ці здолеў ён рэалізавацца ўвогуле — гэтае пытанне часцей за ўсё не ўзнікае.