Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 81

Сяргей Кавалёў

I хаця зрэдку сустракаюцца ў паэта спробы пераканаць сябе i чытача ў тым, што

Ды выстаіш ты i паверыш сам — Наперад вядзе дарога,

гэтыя няўпэўненыя жаданні i парыванні не пераконваюць (акрамя верша «Гара»), бо куды часцей i выразней гучаць радкі накшталт:

I будуць дарогі вяртацца У той незабыўны куток, Дзе ў квецені белых акацый Жыцця твайго чысты выток.

Такая ідэйна-тэматычная накіраванасць характэрна i для папярэдніх зборнікаў М. Пракаповіча. I само па сабе нічога ў гэтым няма благога, каб не тэндэнцыя да статычнасці, нерухомасці гэтай тэмы, а часам, пры адсутнасці сапраўдных, а не графічных пошукаў у галіне формы,— i да несвядомай, ненаўмыснай эксплуатацыі яе паэтам. Замест ісцінага, глыбокага мастацкага пошуку заўважаюцца пэўныя намаганні i поспехі ў «мастацтве» рабіць вершы i нават падрабляць ix, калі пісаць бывае няма пра што, a пісаць i трэба, i хочацца, магчыма, ад чыстага сэрца. I няхай сабе назіраюцца нават толькі рэцэдывы такой з'явы, а не сама з'ява, але яны ўяўляюцца вельмі небяспечнымі для далейшага творчага сталення М. Пракаповіча, улічваючы, што з узростам i павелічэннем колькасці кніг паэты звычайна ўсё больш выходзяць са сферы ўздзеяння крытыкі i самакрытыкі.

Так, крона падымаецца толькі тады, калі беражэш карані. Але, у сваю чаргу, для таго, каб зберагліся, мацнелі карані, трэба, каб падымалася, узрастала крона. Пагляд жа на сучаснасць у аўтара «На кругі свае» даволі невыразны, i не дзіўна таму, што трывалая народная мараль «усё растрэсвае да асноў» у хісткім, неакрэсленым светапоглядзе лірычнага героя-сучасніка. Сувязь сучаснасці з мінулым, як адна з праяў сучаснасці, акрэслена аўтарам даволі выразна, але ўсе астатнія праявы сучаснасці, калі сыходзіць са зместу кнігі М. Пракаповіча, зводзяцца да кахання, сяброўства i зрэдку — да трывожнага стуку галінкі ў акно (вобраз дамесны i яркі ў вершы «Змірыцца з тым, што больш нічога...», i штучны, зроблены ва ўсіх астатніх вершах кнігі).

Вершы пра каханне хутчэй можна ахарактарызаваць як вершы пра закаханасць (па манеры выкладу, па ўспрыманні), але гуллівасць i цацачнасць, характэрныя для многіх з ix, зусім не перакрэсліваюць шчырасць i натуральнасць лепшых з такіх вершаў, бо своеасабліва i жыццёва-натуральна (парадокс?) выяўляюць характар лірычнага героя («Начная электрычка...», «Вечар...», «Калі ўжо сказаны ўсе словы...»). Каханне паказваецца ў яго імгненнасці, неспадзяванасці, сучасных супярэчлівасцях і, як ні дзіўна, дзе элемент «гульні» ў выкладзе верша прысутнічае,— там ён утрымоўвае аўтара ад літаратуршчыны i банальнасці накшталт:

Трэба ўсё забыць, усё закрэсліць,— Паміж намі спалены масты... А каханне з попелу ўваскрэсла, Яркай птушкай з чорнай нематы.

Прыкметы «вершаўмельства» i «вершазробленасці», банальнасці i павярхоўнасці трапляюцца, на жаль, у зборніку М. Пракаповіча не так ужо рэдка: i ў паэме, i ў раздзеле вершаў пра каханне «Вуліца згоды», i ў асноўным раздзеле «Паходжанне».