Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 82

Сяргей Кавалёў

Разгледзім для прыкладу верш «У клопатах, у шумнай мітусні...», эпіграфам да якога ўзяты радок Уладзіміра Жылкі: «Зацвілі твае вочы між тлуму...» Радок гэты варты цэлага верша, калі ні паэмы, i калі сказаць, што ён самы выдатны ў кнізе «На кругі свае» — нічога крыўднага для яе аўтара ў тым не будзе, бо i ў самога Жылкі — паэта надзвычай вобразнага, глыбокага, філасофскага, гэты радок — як найкаштоўнейшы дыямент. Існуюць пэўныя законы суіснавання эпіграфа i асноўнага тэксту, на гэту тэму варта б напісаць асобнае даследаванне, але, паколькі нас цікавіць канкрэтны прыклад, адзначым толькi, што мы маем перад сабой характэрны выпадак забойства аўтарам свайго верша пры дапамозе эпіграфа. На папярэднім радку верш пачынаецца, на ім псіхалагічна ўспрымальна i заканчваецца, настолькі той моцны i яркі, вобразны. Астатняя i фармальна-асноўная частка верша — аморфны прыдатак, хаця самі па сабе гэтыя тры страфы не пазбаўлены цікавай думкі, праўда, як i не пазбаўлены наступных «філасофскіх» высноў:

Заўсёды светла ў светлай галаве, Удачы, як прылівы i адлівы.

Цяжка вінаваціць паэта за яркі эпіграф да верша, але прамінуць такую з'яву, пакінуць яе без увагі — нядобрасумленна, хаця б таму, што яна характэрна i для іншых вершаў паэта (напрыклад, верш «Плёшча» таксама не вытрымлівае важкасці i цяжару свайго эпіграфа)...

А вось у вершы «Гара» эпіграф i верш знаходзяцца ў гарманічным суладдзі, ідэйна-тэматычным, вобразным сугуччы:

Што чакае за крутой гарой — Выявіцца толькі на вяршыні.

Ніна Мацяш

Вось яна, гара! А што за ёй? А за ёю — бездань i пустэча... Над зялёнай цёплаю зямлёй Росны i туманны вечар. Там, унізе,— людзі i трава. Тут — снягоў халоднае свячэнне. Як імкнуўся, як хацеў парваць Ты зямлі утульнай прыцягненне! I карэнне, што яднала вас, Адсякаў спляча, з усмешкай гордай. ...Шлях назад — святлом заліты горад, Шлях наперад — вызначае час, Чуеш, як ён тахкае ў грудзях: Крок у бездань — a ці стане сілы? У мацнейшых — прарастаюць крылы, Хто слабейшы — бог таму суддзя. Што сустрэнеш: вечнасць ці зару У чаканні, як страла, напяты? ...Над табой праносяцца крылата Душы тых, хто перамог гару.

Магчыма, каб не было гэтага i некалькіх іншых вершаў у кнізе «На кругі свае», не было нядаўніх цікавых публікацый гістарычных вершаў Міколы Пракаповіча, якія даюць спадзяванні на плён гэтага артыкула, магчыма,— артыкула i ўвогуле б не было.

Але нельга вярнуцца не пайшоўшы: так i ў паэзіі, i ў жыцці...

ПАДАРОЖЖА У АГУЛЬНЫМ ВАГОНЕ

Сучасную паэзію часта папракаюць за недастатковую сувязь з жыццём, за ўнутраную замкнёнасць, за самапрычыннасць узнікнення i развіцця верша. Папрокі гэтыя маюць пад сабой пэўную глебу: шмат сустракаецца паэтаў, якія ўмеюць надаць свайму твору адпаведную форму, аквеціць верш вобразамі i арыгінальнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, але вось жыццёвай асновы, пазалітаратурнай мэты, выхаду за межы прыватна-паэтычнага свету ім бракуе.