Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 83

Сяргей Кавалёў

У гэтых адносінах кніга Анатоля Аўруціна «Поворотный круг», здавалася б, прыемна адрозніваецца ад зборнікаў такога свядома ці несвядома (па жаданні ці няўмельстве) выбранага напрамку. I хаця аўтар піша больш пра мінулае, пра сваё пасляваеннае дзяцінства ды i вершы пра сучаснасць маюць характар адкрыта нявызначанага параўнання з тым, што было «тады», рэчаіснасць, якую паказвае нам паэт,— не прыдуманая. Гэта не тая забытая, а затым штучна ўзноўленая рэчаіснасць нястрачаных яшчэ ідэалаў, маральных вартасцяў i шчырых пачуццяў, якую безліч дэманструюць нам некаторыя творцы з мэтай пазбавіцца ад аналізу рэчаіснасці сапраўднай, з яе сённяшнімі праблемамі i супярэчнасцямі. Гэта рэчаіснасць непрыдуманая, дакладна-магчымая: з вакзаламі, з вірлівымі гурбамі людзей у залах чакання, з жанчынай, якая паліць «Беламор», са знерваваным супрацоўнікам рэдакцыі, нават усё больш папулярны спорт знайшоў сабе тут належнае месца. Адным словам, жыцця хапае, i яно ўзята ў даволі значных i характэрных сваіх праявах.

I вось з усімі гэтымі вартасцямі i асаблівасцямі кніга A. Аўруціна «Поворотный круг» атрымалася даволі-такі шэрай i невыразнай. Чаму? Ды таму, што на прыкладзе гэтага зборніка мы сустракаемся з супрацьлеглай з'явай: не хапае Паэзіі. А без гэтай таямнічай i свавольнай асобы, нягледзячы на ўсе нашы шматлікія намаганні i хітрыкі, не абыдзецца ніводная кніга, i пра што б мы ні пісалі, якую б важную праблему ні ўзнімалі, якімі б высакароднымі мэтамі ні кіраваліся ў сваім крэмзанні безабароннай паперы, але без яе прысутнасці ўсе нашы намаганні — марныя i небеззавадныя. Як паэзія без жыцця, так i жыццё без паэзіі кожнае паасобку еднасці душ паэта i чытача ў вершах не ствараюць:

Плохая книга, как недобрый дом, Где нету для гостей гостеприимства. Раздельных душ внезапное единство Не озарит вас в хмуром доме том.

Дарэчы, А. Аўруцін адчувае ўсё ж калі-нікалі сваю слабасць i пэўную бездапаможнасць, i вось менавіта на гэтым адчуванні ўзнікла некалькі цікавых вершаў («Всё так быстро, так скоро», «Плохая книга, как недобрый дом», «А вдруг мы тоже не поэты?»). Сустракаецца некалькі неблагіх вершаў i іншага характару, i мы не можам адпінацца ад ix, але ўсё ж такі наша задача: даць агульны разгляд зборніка «Поворотный круг» i звярнуць увагу ў першую чаргу на тое, што перашкодзіла аўтару данесці свае думкі i ўражанні да чытача, чаму шматлікія абрынутыя на яго з'явы i падзеі жыцця не зрабіліся, аднак, паэзіяй...

Вершы «Общие вагоны» i «Alter ego» выклікаюць з гэтага боку асаблівую цікавасць. Спынімся пакуль што на першым. У ім гаварыцца пра тое, што вось раней лірычны герой ездзіў у агульным бітма набітым людзьмі вагоне, апісваюцца абставіны гэтых паездак, разам з цеснатой i няўтульнасцю паказваюцца ix перавагі: сувязь з людзьмі, лепшае ix разуменне. Затым герой паведамляе, што зараз ён вымушаны часцей карыстацца паслугамі купэ, такім чынам, мы ўспрымаем верш як філасофскую алегорыю, а яго ідэю — як прысуд адчужэнню i замкнёнасці людзей у сучасным жыцці, бо, калі ўспрымаць верш канкрэтна-непасрэдна, узнікае справядлівае меркаванне, што ніхто не забараняе аўтару i яго герою ездзіць у агульным вагоне i зараз.