Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 79

Сяргей Кавалёў

Такім жа «вечна неспакойным» павінен застацца i голас паэткі. Колькі разоў здаралася такое, што ўзровень першай кніжкі паэта аказваўся яго закончаным узроўнем; паэт не развіваўся, не выходзіў за межы аднойчы дасягнутага, корпаўся на месцы або развіваўся марудна ці аднабакова.

Ці пазбегне гэтага Валянціна Хамчук — адказ на гэтае пытанне ў яе новых творах.

ЗНАЁМЫЯ КУПАЛЬСКІЯ АГНІ

Звярыула на сябе ўвагу нізка вершаў на гістарычную тэматыку паэта Міколы Пракаповіча, змешчаная аднойчы ў штотыднёвіку «Літаратура i мастацтва». Запомнілася i невялічкая прадмова аўтара, якая пацвердзіла праграмнасць звароту паэта да тэмы мінулага: «Адчуць сябе часцінкай, звяном у бясконцым ланцугу пакаленняў, усвядоміць сваю еднасць з зямлёю, на якой нарадзіўся, немагчыма без разумення той ісціны, што ў гісторыі ўсё звязана адзінай повяззю: лёс чалавека i лёс народа, мінулае роднай вёскі i Бацькаўшчыны...»

На жаль, паэтычны зборнік М. Пракаповіча «На кругі свае», які з'явіўся ў кнігарнях крыху пазней i вершы якога напісаны крыху раней, шмат у чым не задаволіў i ў параўнанні з лімаўскай падборкай расчараваў. Расчараваў найперш таму, што сярод мноства звыклых для чытача рэквізітных купальскіх агнёў, якія нязменна вандруюць са зборніка ў зборнік многіх нашых паэтаў, відавочна не хапала агню жывога, неспазнана-таямнічага i мудрага, якім у сапраўднасці i цепліцца паэзія. A калі не хапае гэтага агню, то нават i эмацыянальны запал кнігі не выратуе становішча, як не выратуе яго i няўдалае «графічнае» «крыжаэксперыментатарства» накшталт верша «Марыя».

Да зусім слабых кніг «На кругі свае» не адносіцца i па многіх параметрах заслугоўвае добрых слоў: нельга не адзначыць трывалую народную аснову творчасці паэта, шчырасць яго любові да Бацькаўшчыны.

Але вось ці знойдзецца сярод крытыкаў такі, які ўсур'ёз, не пакрывіўшы душой, пакажа, чым зборнік М. Пракаповіча «На кругі свае» (1986) істотна адрозніваецца ад зборніка М. Пракаповіча «Неад'емнае» (1982), у чым ён пераўзыходзіць яго, развівае?

Наўрад ці, бо цяжка пераканаць у тым, чаго, на жаль, няма.

I што новага, значнага ў паэме «На кругі свае» ў параўнанні з паэмай «Неад'емнае», акрамя большага памеру? Тая ж пабудова як бы з асобных вершаў, тыя ж фальклорныя стылізацыі, той жа матыў вяртання i замкнёнае ідэйна-тэматычнае кола, выхаду за якое — няма. Праўда, у пазнейшай паэме ёсць пэўныя гістарычныя матывы, дакладней, матывы абагульнена-легендарнага мінулага: стандартнае пралітаратурнае паданне пра чорнае i змрочнае Князь-возера:

Як вока, Князь-возера там ляжыць, Вада, бы смала, густая, Ніводзін звер туды не бяжыць, Птушка не залятае.

Канешне ж, некалі на беразе возера высіўся да аблокаў палац,

I правіў палацам i краем тым Магутны князь зпакаміты. Няўмольны быў i, як тур, круты, Ворагамі не біты.

На Купалле з'явіліся «неагляднай чорнай хмарай» татары, паланілі князёўну-прыгажуню: