Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 78

Сяргей Кавалёў

I ўсё ж... Нямала ў зборніку моўных хібаў, хапае русізмаў, ёсць стылёвыя i семантычныя неадпаведнасці (напрыклад, звычайнае слова «кіно» ну ніяк не ўлазіць у звычайны верш «Той куток здаецца раем...», тым больш крыўдна, што яно там зусім i непатрэбнае).

Нельга не сказаць некалькі слоў i пра паэму-паданне «Над возерам». Узяўшы за аснову рамантычную легенду пра каханне адной з Радзівільчанак да простага шляхціча (у паэме — увогуле конюха-смерда), В. Хамчук з чыста інтымнага сюжэта робіць невядома скуль узнікшыя патрыятычныя высновы пра народную мужнасць i нязломнасць, ледзь не рэвалюцыйнасць (спакушайце арыстакратак — будзеце слыць змагарамі за народ!). Твор — сам па сабе ў межах рамантычна-інтымнага — цікавы, з запамінальнымі вобразамі, але гэтай прэтэнзіяй на сацыяльна-патрыятычны змест псуецца, гармонія яго парушаецца; злоўлены ў час спаткання з каханкай юнак паспявае крыкнуць на астачу ні больш ні менш як наступнае:

Ты йшчэ адродзішся, Айчына! Ды без мяне. Бывай навек!

Паэма «Над возерам» — агістарычная не таму, што ўзнікла з падання i арыентуецца на яго па форме. Агістарычная, «няўчасная» — сама канцэпцыя паэтэсы, яе падыход да адлюстравання i асэнсавання падзей мінулага. Паэма В. Хамчук — адзін з прыкладаў таго, што хоць зварот да гістарычнай тэматыкі ўжо сам па сабе — адна з праяў тэндэнцыі гістарызму ў сучаснай паэзіі, але вынік такога звароту часта, наадварот,— сведчанне супрацьлеглай з'явы — агістарычнасці, якая таксама калі-нікалі назіраецца.

Крыўдна бачыць такія памылкі таму, што сустракаюцца яны ў творах цікавай маладой паэткі. У Валянціны Хамчук хоць i вельмі яшчэ неакрэслена, але назіраецца крыху іншы, менш распаўюджаны шлях у высокую паэзію: у адрозненне ад папулярнай i плённай эвалюцыі праз пашырэнне, праз выхад на чытача, прамой размовы з ім i нават закліку, паэзія В. Хамчук накіравана перш за ўсё ўглыб, не распростваецца, набываючы прастор i губляючы канцэнтрацыю, а, наадварот, усё больш скручваецца, набываючы змест:

Ляжала на стале апоўдні Люстэрка ў сонечным адбітку, I круглы твар яго быў поўны Праменняў вогненным здабыткам. Сляпіла вочы, быццам з неба Кавалак сонца адваліўся. А проста ў шкельцы без патрэбы Малы праменьчык заблудзіўся.

Неаднойчы даводзілася чытаць, што чытач шукае ў кнізе перш за ўсё адметнае, новае. Але неяк масавага чытача, які чытае кнігі з мэтай знайсці новае i адметнае,— ўяўляеш кепска. Хутчэй за ўсё чытач шукае цікавае. Цікавае ў шырокім сэнсе гэтага слова, i ў першую чаргу — займальнае. «Ветразь надзеі» — чытаецца цікава. Гэтаму спрыяе ўнутраная аб'яднанасць вершаў, элементы эпічнага (паданне «На возеры»), I яшчэ — філасофскі пачатак, не падзеі дзеля падзей, a падзеі дзеля пачуцця, адчування, мыслення:

Варажбіт-знахар, лекар-чараўнік з пранізлівымі вачыма у сутнасць чалавечую пранік пазнаннем зор i сувязі прычынай. Ён мне казаў: твой лёс — пакутных дум умоўнасцю скаваная прастора. Твая душа — маркотны лёсу шум i вечна неспакойны голас мора.