Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 20

Сяргей Кавалёў

Але, зноў жа, толькі — у цэлым, i калі павышэнне якаснага ўзроўню, зразумела, не выклікае ніякіх праблем, то прыкметнае павелічэнне колькасці маладых аўтараў стварае відавочныя праблемы перад выдавецтвамі i рэдакцыямі, тым больш што чытацкая цікавасць да нашай наэзіі надае, i падае не толькі па віне кнігагандлю i паэтаў.

Так, калі ў 20-х гадах кожны пісьменны юнак ведаў на памяць дзесяткі вершаў Міхася Чарота i Паўлюка Труса, то зараз цяжка знайсці выпускніка сярэдняй школы, які б помніў тры-чатыры беларускія вершы са школьнай праграмы альбо хаця б чуў пра таго ж Міхася Чарота.

Мы радуемся з'яўленню мноства новых імёнаў у рубрыках «Упершыню ў нумары», «Паэтычны дэбют» i г. д. i не задумваемся, як потым гэтыя аўтары будуць друкавацца без рубрык.

Канечне, вельмі проста параіць больш выдаваць добрых паэтаў i менш — дрэнных. Але на чый густ — добрых, на чыю ацэнку — дрэнных? Усё проста, калі перад намі — стопрацэнтны графаман i бездапаможнасць яго твораў — відавочная. A калі ён — трыццаціпрацэнтны, а на паліцах кнігарняў пыляцца дзесяткі зборпікаў пісьменнікаў куды ніжэйшага ўзроўню?

У нашу паэзію акрамя сапраўдных паэтычных талентаў i яўных альбо прыхаваных графаманаў, акрамя талентаў празаічных, драматургічных, крытычных (якія пачынаюць звычайна з паэзіі) усё больш прыходзіць юнакоў, якія захавалі ў сабе нейкім чынам любоў да нацыянальнай культуры i мовы альбо палюбілі яе пад уздзеяннем твораў Уладзіміра Караткевіча. Заканамерна, што любоў да Бацькаўшчыны, да гісторыі i будучыні роднага краю выяўляецца перш за ўсё ў паэзіі. I калі нікога не здзіўляе, што на беларускай мове паўсюдна размаўляюць амаль толькі адны пісьменнікі, чаму кагосьці дзівіць, што амаль усе, хто гаворыць па-беларуску,— па-беларуску пішуць?

I ўсё ж павелічэнне колькасці маладых аўтараў, пры ранейшых рэдакцыйна-выдавецкіх магчымасцях i пэўным змяншэнні чытацкай аўдыторыі, уяўляецца не галоўнай праблемай маладой паэзіі. Куды больш непакоіць падабенства i сярэднеўзроўневая невыразнасць твораў большасці маладых i пачынаючых аўтараў, усеагульнае пакланенне паэтычным канонам, нешматлікім нацыянальным стэрэатыпам, наследаванне нейкай агульнай традыцыі (кім? чыёй?) i невыразнасць альбо поўная адсутнасць традыцый канкрэтных, на ўзроўні паэтычнай школы i блізкасці творчых манер. Мы ж па-ранейшаму не адрозніваем, па сутнасці, паэтычную традыцыю ад традыцыі духоўнай, i ў тым значэнні, у якім маладых паэтаў заклікаюць вучыцца ў Купалы, Коласа, Багдановіча, можна прапанаваць ім вучыцца ў Васіля Цяпінскага альбо Сяргея Палуяна. З усёй беларускай паэзіі, як ні дзіўна, толькі ў вершах Уладзіміра Жылкі знойдзем мы далейшае развіццё мастацкіх прынцыпаў Максіма Багдановіча, a ў сучаснай паэзіі ix уплыў адчуваецца хіба што ў кнізе Алега Мінкіна «Сурма».

Ёсць у маладых аўтараў адна цудоўная рыса: яны дазваляюць сябе крытыкаваць. A калі дакладней — дазваляюць крытыкаваць ix, што спрыяе творчаму самаўдасканаленню i хоць нейкаму адчуванню сваіх недахопаў i сапраўдных, рэальных магчымасцей. I ўсё ж падуладнасці крытычнаму ўздзеянню зусім недастаткова для нармальнай творчай вучобы. Маецца на ўвазе менавіта творчая вучоба i адзіная, па сутнасці, нармальная праява яе — штогадовы семінар маладых пісьменнікаў у Іслачы, але i ён мае больш ацэначна-канстатацыйны характар.