Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 18

Сяргей Кавалёў

Услед за Алегам Мінкіным паэт імкнецца спалучыць у сваіх творах патрыятычны пафас з адметнымі, часам авангарднымі формамі выяўлення, i, улічваючы яго самапатрабавальнасць i вялікі аб'ём працы над удасканаленнем паэтычнай манеры, думаецца, што яго чакае на гэтым шляху плён.

Думаецца таксама, што i тэматычнае кола паэта, захаваўшы ранейшы эпіцэнтр, пашырыцца i разгорнецца. Але ўсё ж пра тое «поле бою», дзе «не адзін паэт сканаў», трэба помніць заўсёды, каб не сканаць ні ў гісторыі, ні ў паэзіі.

Дарэчы, калі нябачная прысутнасць гісторыі ў большасці вершаў А. Сыса ўзмацняе ix унутраны змест, то вершы «спецыяльна-гістарычныя» нічым, акрамя патрыятычнага настрою, бывае, не вылучаюцца i з мастацкага боку зусім бездапаможныя. Яны нагадваюць нейкія публіцыстычныя лозунгі, зарыфмаваныя i пакладзеныя на адзін з памераў дзеля «прыгожага» гучання i дзеля магчымасці выказацца на гэтую тэму ў друку. Празмерная патэтыка, бразгатанне мячамі, адсутнасць мастацкай глыбіні — характэрныя прыкметы такіх вершаў:

...Сканалі, ды ўсё ж не сталі — помнілі, як Кастусь ступіў на смяротныя шалі з думаю пра Беларусь.

Большай, куды большай працы над словам патрабуе гістарычная тэма!

Вось i Кастусь Жук вырашыў упрыгожыць адзін з сваіх твораў «гістарычнымі галасамі». Сам па сабе верш «У вёсцы Вішнева» — не пра мінулае, але паколькі дзеянне адбываецца ў вёсцы, дзе памёр Сымон Будны, квятастыя апісанні ўвішных рэчак i белых садоў зводзяцца ў рэшце рэшт да яго:

Вёска Вішнева. Рэчка ўвішная, Белы вэлюм надзелі сады. I над яблынямі, над вішнямі Дух буяе вясны малады. Тут утульна пчале i сонейку... I дзяўчыне з касой залатой... Гэтак пахнуць галінкі соладка! Гэтак хмеліць паветра настрой! А душа — то засне, то абудзіцца На шчаслівай зямлі ў гэты міг... Знерухомей — i голас Буднага Ты пачуеш між дрэў шапаткіх.

Пакінем без каментарыяў мастацкі ўзровепь верша, але задумаемся: што агульнага паміж пададзеным К. Жуком настраёва-вясновым малюнкам сённяшняга Вішнева i той змрочнай, фізічна цяжкай, па апісаннях езуіта Фрыбеліуса, абстаноўкай у доме пратэстанцкага шляхціца Лявона Маклока, дзе ў студзені 1593 года скончыў свой жыццёвы шлях Сымон Будны? Адкуль гэты голас Буднага «між дрэў шапаткіх», i якім ён уяўляецца аўтару «на шчаслівай зямлі ў гэты міг» -i «дзяўчыне з касой залатой»? Відаць, перш за ўсё ў аўтара ўзніклі «вішнёвыя» ідэі (Вішнева — увішныя — вішні), i Будны тут ні пры чым, з той жа верагоднасцю маглі мы пачуць i голас Скарыны, Каліноўскага, Багушэвіча.

Увогуле, абыгрыванне назваў вёсачак па-ранейшаму прагрэсіруе ў паэзіі («Трыпціх» Я. Хвалея, верш «Жыткавічы жыта...» У. Мазго), i па-ранейшаму лунае над «шчаслівай» зямлёй матыў «лепшага ў свеце» «роднага куточка», куды «вядуць усе дарогі»: