Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 13

Сяргей Кавалёў

На жаль, у многіх маладых аўтараў паэтычны сусвет занадта вузкі i з цягам часу ніколькі не пашыраецца: лірычны герой, а разам з ім i сам паэт нібы вісяць у паветры сярод гучных дэкламацый, лірычных прызнанняў, сярод парадна-літаратурных малюнкаў прыроды: няёмка пачувае сябе ў такім беспрадметным, вакуумным паэтычным сусвеце i чытач. Для пашырэння паэтычнай тэрыторыі вялікае значэнне мае зварот маладога аўтара да новых тэм i вобразаў, адчуванне паэзіі ў самых, здавалася б, непаэтычных з'явах i прадметах.

Кніга Галіны Булыкі «Сінтэз» (1986) несумненна прынесла штосьці адметнае ў беларускую паэзію якраз у напрамку навізны тэм i вобразаў, узбагачэння акаляючага лірычнага героя прадметна-рэчыўнага асяроддзя, спецыфічна гарадскога i канкрэтна-сучаснага. «Лазурыт», «Бурштын», «Гіпс», «Свінец», «Золата», «Агонь», «Гліна», «Сургуч», «Ёд» — ужо самі назвы вершаў для беларускай паэзіі незвычайныя; такія рэчыўныя вершы зусім па-іншаму выяўляюць суадносіны чалавека з прыродай; суадносіны, якія раней традыцыйна падаваліся на вонкава-пейзажным, дэкламацыйна-экалагічным альбо фальклорна-міфалагічным узроўнях. Зразумела, што стварыць мастацкі твор пра свінец альбо ёд — куды цяжэй, чым пра жаночую пекнату, тым больш што ў паэткі зусім няма папярэднікаў, адсутнічае распрацаваны канон.

Наступны тэматычны рад кнігі склалі вершы урбаністычныя, такія, як «Успамін аб парадных пад'ездах», «Прахадны двор», «Падземны пераход», «Да гарадскога краявіду», «Універмаг», «Чаканые аўтобуса», «Фрагмент турысцкай паездкі», «Выстаўка архітэктурнай біёнікі» i інш. Урбаністычная паэзія Г. Булыкі — не падкрэслена плакатная; горад адлюстроўваецца ў вершах натуральна, як жыццёвае асяроддзе лірычнага героя i аўтаркі: асяроддзе спецыфічнае, ca сваімі адметнасцямі i ўласцівасцямі. Шмат у чым дапамагае тут паэтцы нядрэннае веданне тэорыі архітэктуры, пачынаючы з усведамлення яе першаснай функцыі — упарадкаванай арганізацыі прасторы. Згодзімся, што i пра горад пісаць пакуль што куды цяжэй, чым пра адвечную настальгію па вёсцы, тут зноў-такі адсутнічае выпрацаваны канон i адчуваецца слабасць традыцыі, якая выдатна пачыналася цыклам Максіма Багдановіча «Места», а крыху пазней праявілася ў многіх вершах Уладзіміра Жылкі. Думаецца, i Багдановічу было нялёгка: кола вобразаў яго урбаністычных вершаў вельмі вузкае, нешматлікія прыкметы гарадскога жыцця паўтараюцца з верша ў верш (ліхтарня, вулка), i трэба было быць сапраўды геніяльным паэтам, каб у гэтым вузкім коле стварыць дасканалыя па мастацкім узроўні i псіхалагічным адчуванні творы.

Вершы пра навуку i навукоўцаў, на гістарычныя тэмы, пра палотны сусветна вядомых мастакоў са спробай пэўыай стылізацыі паэтычнага твора пад твор жывапісу, вершы пра рамяство i народнае мастацтва — вось няпоўны змест «Сінтэзу» — кнігі разнацланавай i наватарскай, якая вызначыла перспектыўны напрамак для далейшага творчага развіцця Г. Булыкі, a ў ыейкіх момантах— i ўсёй маладой паэзіі.