Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 14
Сяргей Кавалёў
Праўда, цалкам пазбавіцца ўплыву пануючага паэтычнага канона аўтарка не здолела, а хутчэй — не асмелілася, i таму ў кнізе прысутнічае нямала вершаў «на ўсе густы», якія шмат у чым дэзарыентавалі агульнае гучанне кнігі, пашкодзілі яе цэласнасці i кампазіцыйнай шчыльнасці.
I ўсё ж першы самастойны зборнік Г. Булыкі «Сінтэз» побач з другой кнігай Л. Дранько-Майсюка «Над пляцам» — з'ява адметна арыгінальная ў маладой беларускай паэзіі, ды i не толькі ў маладой.
Безумоўна, што поўнасцю яны не вызначаюць усе асаблівасці гэтай паэзіі, усе яе кірункі i схільнасці, бо нямала цікавых аўтараў працуе ў іншых напрамках, часам паралельных, а часам i супрацьлеглых.
Вершы Леаніда Галубовіча — падкрэслена традыцыйныя i падкрэслена таленавітыя. Падкрэсленыя i вылучаныя крытыкай, старэйшымі паэтамі; таленавітыя — самі па сабе, сваёй дзіўнай паэтычнай энерпяй, арганічным адчуваннем жыцця аўтарам.
Не кранаючы, па сутнасці, паэтычную форму, Л. Галубовіч значна ўзмацніў змест: узмацніў за кошт павышэння ціску паэтычнай атмасферы i павелічэння тэмпературы думкі, за кошт узмацнення пульсацыі пачуццяў у радках. Вынікам гэтага стала кніга «Таемнасць агню» (1984) i некалькі пазнейшых вершаваных падборак паэта ў часопісах i газетах.
«Бурная» станоўчая рэакцыя крытыкі i чытацкай аўдыторыі на першы зборнік Л. Галубовіча спачатку толькі радавала. Сапраўды, зборнік вылучаўся (і не губляўся) індывідуальна на фоне беларускай паэзіі, а патэнцыяльныя магчымасці аўтара давалі падставы спадзявацца i на далейшы плён.
Але нечакана бурнае ўспрыманне творчасці паэта ўвогуле пачало замінаць нармальным ацэнкам яго канкрэтных твораў, i той жа зборнік «Таемнасць агню» пад гул авацый так i не быў, па сутнасці, прафесійна, усебакова разгледжаны. У выніку, замест таго, каб спакойна, без перашкод працаваць у паэзіі, гарманічна развіваць свае бясспрэчныя здольнасці, малады паэт вымушаны быў змагацца са славай альбо кінуцца да яе ў абдымкі, бо не заўважаць яе ён не мог ні па ўласцівасцях чыста ўнутраных, ні па прычынах чыста знешніх. Пасля аднаго паэтычнага вечара, дзе нават самому Леаніду Галубовічу было, відаць, ніякавата ад незлічоных усхваляваных слоў, кампліментаў i публічна прадэкламаваных маладымі паэтэсамі вершаў-прысвячэнняў, увогуле здзіўляешся, як мог ён потым пісаць добрыя вершы i захаваць хоць нейкі драбок самакрытычнасці i дастатковай незадаволенасці зробленым.
Скончым, аднак, наш экскурс у недалёкае мінулае i праканстатуем сумны факт: у падборках Л. Галубовіча апошніх гадоў побач з моцнымі, глыбокімі творамі ў вялікай колькасці сустракаюцца творы легкаважкія, «эфектныя», зусім не вартыя таленту паэта.
Куды больш, аднак, непакоіць не з'яўленне ў Лeaніда Галубовіча слабых твораў, чаго не ўдалося пазбегнуць ніводнаму аўтару, а тое, што амаль кожны трэці твор прысвечаны паэзіі, разумению яе Л. Галубовічам i яго месцу ў ёй, у кожным трэцім творы прамільгне перад вамі вобраз паэта альбо праслізне слоўца «геніяльнасць». Не заўсёды такія вершы слабыя, часам i наадварот, але сама тэндэнцыя сімптаматычная i неяк насцярожвае, адсвечвае другаснасцю i часовай зацыкленасцю праблематыкі.