Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 12

Сяргей Кавалёў

Магчыма, недастатковае развіццё ў беларускім літаратуразнаўстве ўласна тэарэтычнага напрамку i поўная амаль адсутнасць спецыяльных прац па псіхалогіі творчасці спрыяюць таму, што нашы ўяўленні пра пісьменніцкую працу цалкам сфарміраваны пад уздзеяннем такіх паняццяў, як «талент», «натхненне», «душа», «муза», «творца» i грунтуюцца на пакланенні ўсім класікам без выключэння (незалежна ад уласнага густу), на прызнанні бясспрэчнай дасканаласці i завершанасці кожнага ix радка («якая геніяльная коска!», «у яго нельга выкінуць ніводнага слова!»), хаця самі класікі крэмзалі свае радкі няшчадна i палілі цэлыя раздзелы.

Мы пішам пра рытуальнасць усходніх літаратур, пра этыкет у літаратуры сярэднявечча, але ці не праява этыкету i рытуальнасці ў сучаснай літаратуры — заўсёднае прызнанне ўяўнай таленавітасці кожнай кнігі сапраўды таленавітага аўтара, знаходжанне развіцця там, дзе адбываецца дэградацыя, непараўнальнасць узроўню аўтара шасці кніг i аўтара адной кнігі?! Часам ствараецца ўражанне, быццам нас цікавіць толькі адно: таленавіты аўтар кнігі ці не? Калі таленавіты, то i спрачацца няма аб чым, астатняе ўсё — у камплекце. А як канкрэтна рэалізуецца талент у канкрэтны перыяд, ці здолеў ён рэалізавацца ўвогуле — гэтае пытанне часцей за ўсё не ўзнікае.

Сярод маладых беларускіх паэтаў нямала аўтараў з добрымі патэнцыяльнымі магчымасцямі. Але патэнцыяльныя магчымасці плённа выкарыстоўваюцца толькі пры ўмове эфектыўнай працы над сабой, самакрытычнай i патрабавальнай, не толькі над асобным вершам, але над паэтычным пісьмом увогуле, з паралельнымі працэсамі засваення вопыту блізкіх па духу i манеры папярэднікаў i свядомымі пошукамі ўласнага гучання. Сучасны паэт рэдка мае цікавую біяграфію, нязвычны лёс, што заўсёды прыцягвала чытача, настройвала пэўным чынам на зацікаўленае ўспрыманне саміх паэтычных твораў. Вялікую ролю пачала адыгрываць біяграфія духоўная, мастацкая, выяўленая непасрэдна ў тэксце; ва ўспрыманні асобы паэта ўсё большае значэнне набываюць арыгінальныя асаблівасці яго творчасці.