Читать «Партрэт шкла» онлайн - страница 11

Сяргей Кавалёў

Л. Дранько-Майсюк, I. Багдановіч, П, Шруб, А. Сыс у многіх сваіх творах таксама зыходзяць з калізій гарадскога існавання, хаця яно выяўляецца ў ix творчасці пакуль што менш выразна, немэтанакіравана. Заўважна, што ўсё больш маладых паэтаў, адмаўляючы псеўдапаэтычную, літаратурна-бяскроўную мову, пачынаюць шукаць для сябе мову плоцевую, прадметна-канкрэтную, пашыраючы лексічнае кола паэзіі, эксперыментуюць менавіта з моўным матэрыялам, імкнуцца не шукаць асобныя разовадзейсныя паэтычныя прыёмы, a ўпарта, па драбку канструююць сваю ўласпую апазнавальна-азначальную манеру выяўлення, спецыфічна індывідуальную i мастацкую ў кожным першаэлеменце, моўным адрэзку, нават незалежна ад агульнай кампазіцыі i рацыянальна-пачуццёвай задумы цэлага твора. Мінаюць часы, калі ролю першаснай адзнакі паэзіі адыгрываў рытм i ў першую чаргу — рытм моўны; усё большую ролю ў паэзіі адыгрывае зараз спецыфіка паэтычнага мыслення, моваскладання, рытм змены асацыяцый i вобразных значэнняў. Думка, выкладзеная ў адным з вершаваных памераў i аквечаная рыфмай, не робіцца ад гэтага паэтычным творам, i нават калі яна сама па сабе паэтычная, усё роўна патрабуе спецыфічнага выяўлення ў спецыфічнай мове.

Прыкладам гэткай двайной спецыфікі з'яўляюцца творы Леаніда Дранько-Майсюка. Не так ужо i мала пісалася (i будзе пісацца) пра адметнасць яго паэзіі: пра міфалагічнасць яе i кінематаграфічнасць, пра канкрэтнасць дэталяў i ўмоўнасць агулыгай фабулы, пра местачковыя вытокі паэтычнага побыту i вялікае значэнне для верша элементаў гульні, казкаскладання. Але найбольш лаканічнае азначэнне паэзіі Л. Дранько-Майсюка даў калісьці Варлен Бечык: «нязвыклая». I, думаючы пра яе нязвыкласць, разумееш, такім чынам, што ёсць у нас паэзія i «звыклая», якая дамінуе i надзейна трымае свае пазіцыі ў літаратуры ўвогуле i ў выдавецкіх планах у прыватнасці.

Не варта, відаць, дэталёва аналізаваць у артыкуле кнігу Л. Дранько-Майсюка «Над пляцам» (1986). Кніга тоіць у сабе значныя цяжкасці для крытыкарэцэнзента з-за сваёй паэтычнай насычанасці, дастатковай асацыятыўнай шчыльнасці, герметычнасці многіх вершаў i пэўнай абумоўленасці ix суседнімі відамі мастацтва, але разам з тым уяўляе сабой глыбокі i ўдзячны матэрыял для ўдумлівага крытычнага аналізу.

Закранем толькі некалькі момантаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да праблем маладой беларускай паэзіі, да працэсаў, што адбываюцца ў ёй і, будзем спадзявацца, маюць адбыцца. Перш за ўсё — да праблемы самавыхавання i самаразвіцця маладых паэтаў, свядомага ўпарадкавання i абжыва'ння імі ўласнага паэтычнага сусвету, неабходнага пашырэння індывідуальнай паэтычнай тэрыторыі.

Богам створаная проза, Д'яблам высненыя вершы — Я стаміўся. Над парогам Пчолы кружацда i шэршні,—

пачынае адзін са сваіх вершаў Л. Дранько-Майсюк; але калі адарвацца ад індывідуальнага міфапаэтычнага канструявання паэта i задумацца над пытаннем: кім жа ў першую чаргу створаны яго вершы,— адказ, канечне, будзе банальна просты: самім паэтам. Самім паэтам пабудаваны (лепш сказаць — будуецца) i дзіўны паэтычны сусвет: на аснове рэальнага сусвету i адэкватны яму ў дэталях, але не адэкватны па сэнсе, па функцыянальным прызначэнні. Матыў будаўніцтва настойліва праводзіцца з першай кнігі паэта ў другую, вандраванне акрэсліваецца ў месцазнаходжанне, давыд-гарадоцкі каларыт яшчэ больш узмацняецца, набывае сімвалічныя праявы i кладзецца на сусветную карту. Гэта, так сказаць,— будаўніцтва знешняе, зафіксаванае ў тэксце, канчаткова абагульнены вынік мастацкай працы ў канкрэтных вершах. Унутранае будаўніцтва — на ўзроўні псіхалогіі i тэхналогіі творчасці: нраца над далейшай крышталізацыяй творчай манеры, пошук новай традыцыі, удасканаленне мовы ў лексічным i сінтаксічным плане, шлях да ўспрымання паэзіяй іншага віду мастацтва (жывапісу, напрыклад), імкненне судакрануцца там з найбольш суадчувальна блізкім уласнай манеры, з найбольш прыдатным i пленным для творчасці. Як вынік усяго зробленага — якасна іншы ўзровень другой кнігі i бясспрэчная эвалюцыя мастацкіх прынцыпаў; не эксплуатацыя таленту, a ўзбагачэнне, развіццё яго.