Читать «Жнівень» онлайн - страница 6

Ніна Мацяш

* * * «Будзе лета, як звон, пустое». Гэты голас даўно знаю. Не затоім крыўду на тое, Што адбыцца й не магло з намі. Светлячок выпадковы блісне — I да ўздрыгу вусцішна стане: Абяцаўся свет быць вялізным — Звёўся да чакання світання. Абяцаўся свет быць вадою — Звёўся да ненатольнай смагі. Глухне сад лебядою. З дзічкі зыркае расамаха. * * * Павечны мой! Не мучся, не пакутуй. Hi ў чым, ні ў чым няма тваёй віны. Не лёдам, Сонцам наша плынь пракута: Усе каменьчыкі на дне відны... * * * Яшчэ трымаюць маразы, Яшчэ ўспаноўваюдь завеі, Але прамень святла на веі Ужо кладзецца ад слязы. Ад той слязы, пасля якой Дыханне набывае песня — Усё, з чым вера не зачэзне — Не ў шчасце — «У волю i спакой». * * * Зноў пра цябе. Мне — пра каго ж яшчэ? Настойліва начэе, I ўсё выразней чую, як цячэ Усё глыбей праз сэрца Ратнічэле. Няўрымсная, парывістая плынь: У ветравей свавольны Пульсуе пасмай срэбнаю палын. I ў горадзе знайшоў мяне ён, польны. Свядома тваго руку адпушчу. Пад золкай зоркай страты Да скону голас Ратнічэле чуць: «Ой кейп бега мятэй...» * * * «Я прыеду, як выпадзе снег, Я прыеду пры першай парошы».. Мой харошы! Так жыццё і складзем з гэткіх вех.. I чым болей марнуецца дзён У пустой, адзінокай дарозе, У знямозе Усё той жа працяг ёй відзён. Набярыся трывання i сіл, Памудрэй, мае сэрца, нарэшце, Дай давесці Жаль без роспачы за небасхіл. ВЯРТАННЕ ...I прыйдзеш ты туды, Дзе першы дотык вуснаў быў як выбух: Аглушаныя — Мы не чулі нават стуку ўласных сэрцаў; Аслепленыя — Мы не бачылі, калі ўначэла. ...Ты спынішся ў алейцы той, i памяць Зноў пацалункам першым нема выбухне, Зноў аслепіць, Нават калі й здаецца ўжо табе, Што не кахаеш... ПРЫ ПЕСНІ I нядзеля запанядзелена. Чым каштоўным я тут надзелена? Ёсць жытнёвы кут з тою хатаю, Што на ласку мне так багатая. У гародчыку спее мачына, За сталом звініць песня матчына. Ой, жураўку, жураўку, Чаго крычыш на ранку? Ой, як жа ж мне не крычаць? Трэба высака лятаць... Падхаплю жалю мову шчырую: Не вяртаецца жораў з выраю. Хай не журыцца, хай не плачацца: Далягляд з жальбы не зыначыцца. Шкода толькі дня, той нядзелі мне, Што святочнасцю так абдзелена.