Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 4

Сяргей Кавалёў

Адным з неабжытых мацерыкоў літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу, без асваення якога немагчыма рэканструяваць рэальны выгляд нашага старажытнага пісьменства і стварыць паўнавартасную гісторыю беларускай літаратуры, з’яўляецца польскамоўная паэзія: творчасць Я. Зарэмбы, Ц. Базыліка, П. Статорыуса, М. Стрыйкоўскага, А. Рымшы, С. Лаўрэнція, Я. Пратасовіча, С. Кулакоўскага, Я. Казаковіча, Г. Пельгрымоўскага ды іншых, забытых альбо малавядомых сёння паэтаў.

Польскамоўная паэзія як спецыфічная з’ява ў літаратуры Беларусі асацыіруецца ў нашай свядомасці пераважна з ХІХ ст., з творчасцю сучаснікаў і паслядоўнікаў А. Міцкевіча. Само сцвярджэнне, што ў эпоху Адраджэння, у часы найвышэйшага росквіту беларускай мовы і культуры, на Беларусі ўзнікла і развівалася паэзія на польскай мове, шмат у каго выклікае здзіўленне. Распаўсюджанне польскай мовы ў грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі традыцыйна адносяць да эпохі Барока і звязваюць з паступовай стратай Вялікім Княствам Літоўскім дзяржаўнай незалежнасці, з працэсам агульнай паланізацыі краіны і выцясненнем з афіцыйнага ўжытку беларускай мовы на працягу XVII – XVIII стст.

Праўда, у акадэмічнай “Истории белорусской дооктябрьской литературы” (Мн., 1977) згадваецца як значная з’ява ў паэзіі Беларусі другой паловы XVI ст. паэма А. Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Радзівіла”, адзначаецца прыналежнасць да літаратуры Беларусі паэтычнай творчасці М. Стрыйкоўскага, паведамляецца аб існаванні ананімнай паэмы “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка”. Згадкі пра творы А. Рымшы і Г. Пельгрымоўскага, пра ананімную паэму “Пратэй, або Пярэварацень” можна знайсці ў некаторых артыкулах і кнігах беларускіх і рускіх вучоных, што займаюцца даследаваннем кнігадрукавання і грамадска-палітычнай думкі Вялікага Княства Літоўскага. Але гэтыя рэдкія згадкі – павярхоўныя і недакладныя; з іх можна даведацца, напрыклад, што паэма “Дзесяцігадовая аповесць...” – празаічны твор (Немировский 1985: 164), што А. Рымша апісвае рабункі і зверствы арміі Радзівіла і глыбока спачувае рускаму народу, якому не ў сілах дапамагчы (Очерки 1973: 37), што гуманістычны гурток паэта, у які ўваходзілі А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі, Я. Казаковіч, Я. Радван, існаваў не пры двары Радзівілаў-кальвіністаў у Біржах, а пры двары Радзівілаў-каталікоў у Нясвіжы (История 1977: 221).