Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 2

Сяргей Кавалёў

Польскамоўная літаратура Беларусі – у асноўным, ХІХ ст.— прыцягвала да сябе ўвагу даследчыкаў ужо ў 50 – 60-я гг. (артыкулы і кнігі М. Ларчанкі, , А. Кляўчэні, Л. Мірачыцкага, С. Майхровіча, А. Лойкі, С. Александровіча, А. Мальдзіса), але ў адпаведнасці з духам часу спадчына пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі, а свае творы пісалі па-польску, вывучалася ў кампаратывісцкім альбо краязнаўчым рэчышчы. Пытанне аб непасрэднай прыналежнасці такіх аўтараў да беларускай літаратуры не ставілася (адсюль характэрныя назвы тагачасных прац: “Старонкі братняй дружбы”, “Творчае пабрацімства” і інш.). Новы этап ў вывучэнні польскамоўнай літаратуры Беларусі пачаўся напрыканцы 70-х гг., і зноў асабліва плённа працавалі даследчыкі літаратуры ХІХ ст., пра што сведчаць кнігі У. Мархеля і К. Цвіркі, артыкулы І. Багдановіч, Л. Тарасюк і М. Хаўстовіча, выданне твораў А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі і змястоўнай анталогіі “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ ст.” (1998). Калі ў 60 – 70-я гг. айчынныя літаратуразнаўцы ва ўмовах савецкай цэнзуры аргументавалі сваю цікавасць да творчасці Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, В. Каратынскага наяўнасцю асобных беларускіх вершаў у іхняй спадчыне, то ў 80 – 90-я гг. да беларускай літаратуры ХІХ ст. без сумневу залічваюцца ўжо Т. Зан, Ю. Корсак, А. Грот-Спасоўскі, Т. Лада-Заблоцкі, якія пісалі выключна па-польску. Замест ранейшых азначэнняў “польская літаратура Беларусі”, “польска-беларуская літаратура” сталі актыўна ўжывацца паняцці “польскамоўная плынь у беларускай літаратуры” і “беларуская польскамоўная літаратура” (Мархель 1997: 3 - 45). Не аспрэчваючы правамернасці ўжывання гэтых паняццяў, заўважым толькі, што паняцце “польскамоўная літаратура Беларусі” – больш аб’ектыўнае і прыдатнае ў міжнародным аспекце даследаванняў, таму мы і карыстаемся ім у нашай манаграфіі.

Значна менш даследавана польскамоўная спадчына Беларусі XVI – XVIII cтст. Адзінай працай, у якой комплексна разглядаецца польскамоўная літаратура Барока і Асветніцтва, з’яўляецца кніга А. Мальдзіса “На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII - XVIII стст.) (1980), якая прыкметна пашырыла далягляды беларускага літаратуразнаўства. На сумежжы зацікаўленняў гісторыка і філолага ўзнікла кніга А. Мальдзіса “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII cтагоддзя: Нарысы быту і звычаяў” (1982). У 90-я гг. на старонках часопісаў і ў зборніках пачалі з’яўляцца пераклады польскамоўных дыярыушаў і мемуараў XVI – XVIII стст., выкананыя В. Арэшкам, В. Таранеўскім, С. Шупам, асобнай кнігай выйшлі “Авантуры майго жыцця” С. Пільштыновай-Русецкай у перакладзе М. Хаўстовіча. Польскамоўныя прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Ф. Скарыны выдадзены У. Кароткім; У. Кароткі ды І. Саверчанка плённа даследуюць шматмоўную рэлігійна-палемічную літаратуру Беларусі XVI – XVII cтст. У апошні час прыцягнула да сябе ўвагу беларускіх даследчыкаў польскамоўная драматургічная спадчына Ф. У. Радзівіл, пра што сведчаць пераклады А. Вольскага, В. Арэшкі, Н. Русецкай, дысертацыйнае даследаванне Ж. Некрашэвіч “Драматургія Ф. У. Радзівіл” (1999). Шэраг польскамоўных драматургічных твораў разгледжаны ў кнізе тэатразнаўцы Г. Барышава “Театральная культура Белоруссии XVIII века” (1992).