Читать «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» онлайн - страница 6

Сяргей Кавалёў

У гуманітарных навуках склаўся своеасаблівы культ Рэнесансу, запачаткаваны яшчэ ў XIX ст. слыннымі працамі Г. Фойгта (Voigt 1860) і Я.Буркхардта (Burckhardt 1860). На савецкіх даследчыкаў моцна ўплываў таксама аўтарытэт Ф. Энгельса, які называў Адраджэнне эпохай тытанаў і найвялікшым прагрэсіўным пераваротам у гісторыі чалавецтва (Энгельс : 346). Культ Рэнесансу спараджаў негатыўнае стаўленне да сумежных эпох: “цёмнага” Сярэднявечча і “кансерватыўнага” Барока, супраць чаго рашуча выступалі вучоныя-медыевісты, знаходзячы ў сярэднявечнай культуры многія элементы культуры Адраджэння і сцвярджаючы ідэю пераемнасці эпох (Хейзинга 1988). Ад празмернага захаплення Рэнесансам засцерагалі многія вучоныя хрысціянскай арыентацыі, звяртаючы ўвагу не толькі на дасягненні, але і на негатыўныя з’явы ў тагачаснай культуры (Лосев 1978: 541 - 604), называючы гэтую эпоху пачаткам згубнага шляху чалавецтва (Бердяев 1990: 100 - 115).

Падзяляючы ў цэлым традыцыйны погляд на Адраджэнне як на эпоху, што ўнесла вялікі ўклад у развіццё цывілізацыі і змяніла парадыгму чалавечага мыслення, мы прынцыпова не згодныя з ужываннем катэгарычных ацэнак тыпу “прагрэсіўная/ рэакцыйная”, “перадавая / кансерватыўная” ў дачыненні да з’яў культуры. Павага да эпохі, якую мы выбралі прадметам даследавання, павінна выяўляцца не ў яе фетышызацыі, не ў павярхоўнай “рэнесансаманіі”, а ў падпарадкаванні галоўнаму прынцыпу гуманістаў Рэнесансу: “Ad fontes!” (“Да крыніц!”). Да таго часу, пакуль не будуць уведзены ў нацыянальную культурную прастору ўсе шматмоўныя тэксты XVI – XVIIІ стст., нашыя разважанні пра спецыфіку таго ці іншага перыяду ў беларускай літаратуры застануцца у значнай ступені спекулятыўнымі.

Менавіта збіранне, уважлівае прачытанне і аналіз першакрыніц – вершаваных тэкстаў XVI – пачатку XVII ст. – сталася падмуркам працы “Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу”. На першым этапе пошукаў, акрамя грунтоўных біябібліяграфічных даведнікаў К. Эстрэйхера і “Nowy Korbut”, да якіх традыцыйна звяртаюцца даследчыкі літаратуры мінулых стагоддзяў, вялікую дапамогу аказала нам кніга А. А. Анушкіна “На заре книгопечатания в Литве” (Вильнюс, 1970), у якой названы многія польскамоўныя паэтычныя выданні XVI – пачатку XVII cт. Каштоўная інфармацыя пра берасцейскія, нясвіжскія і лоскія выданні, якія не разглядаюцца ў даследаванні літоўскага вучонага, змешчана ў некаторых працах польскіх вучоных (Kawecka-Gryczowa i inn. 1959; Topolska 1984) і ў згаданай ужо кнізе Ю. Лабынцава “Пачатае Скарынам. Беларуская друкаваная літаратура эпохі Рэнесансу”.