Читать «Пяты этап» онлайн - страница 70

Сяргей Пясецкі

— Не, таварышу, далібог...

— Бога можаш і не любіць!.. Нешта ты тут круціш! Кажы лепш праўду, бо забяру з сабой у Менск.

— Скажу праўду, таварышу! Я тут аніякіх «кумпірацый» не маю... Быў я ў лесе і знайшоў папяросную паперу.

Паказаў Забаву папяросную паперу, якую трымаў у левай руцэ; пасярэдзіне яе малымі, залатымі літарамі было надрукавана: «Solali». Гэтую курыльную паперу, калі Забава, адпачываючы паблізу багны, круціў цыгарэты, вырваў вецер, аднёсшы на некалькі крокаў далей. Забава паленаваўся яе шукаць.

— Што ж з таго, што ты знайшоў папяросную паперу?

— Папяросная папера замежная, у нас такіх няма. Мы, сяляне, з газеты самакруткі палім. Вось я і пайшоў шукаць па слядах, бо тут павінны быць дзесьці людзі з-за мяжы, з Польшчы... кантрабандысты...

— Можа, гэтая папяросная папера некалькіх дзён ужо тут ляжыць?

— Не... Свежая... Каб даўно ляжала, тады б яе раса пад’ела і пакурчыла...

«Як трэба асцерагацца! — думаў Забава. — Найменшая драбяза можа цябе выдаць!»

Затрымаўшы селяніна пры сабе і па-ранейшаму прыкідваючыся «упа­дай», Забава распытваў яго спачатку пра самагонку, а потым пра шмат што іншае дзеля інфармацыі, бо яшчэ не вельмі добра ведаў памежжа.

Ужо густыя цені дрэў клаліся ў лесе, калі адпусціў свайго палоннага.

— Ідзі сабе, — сказаў, — толькі глядзі, бо мне нешта не вельмі хочацца табе верыць. У вас народ хітры! Ой, хітры!

Селянін скіраваў на паўднёвы ўсход, паспешна ідучы праз балота ў кірунку гасцінца. Калі яго крокі аціхлі, Забава выцягнуў з-пад яліны мяшок са шкуркамі, замацаваў яго зручна на спіне, праверыў зброю і рушыў на захад, асцярожна пераскокваючы з купіны на купіну.

* * *

Забава блукаў дзесьці паблізу мяжы. Нягледзячы на тое, што меў з сабою компас, не мог выйсці на вядомую яму дарогу, а пераходзіць з таварам мяжу ўсляпую, у невядомым месцы, не хацеў. Блукаў па цёмных, як тунелі, сцяжынах, ахінутых, нібы скляпеннямі, галінамі ляшчыны. Чуў удалечыні спеў чырвонаармейцаў, але слоў за вялікай адлегласці не мог разабраць.

Вырашыў абавязкова выйсці на гасцінец і пераходзіць мяжу паблізу яго. Амаль з гадзіну ішоў назад на ўсход, а потым скіраваўся на поўдзень. Такім чынам аддаліўся ад мяжы і, як яму здавалася, павінен быў знайсці гасцінец. Увайшоў у вялікі лес. Магутныя хвоі стаялі чорныя, змрочныя і здавалася, што сваімі кронамі падпіралі неба. Пахла грыбамі, цвіллю і гнілой драўнінай. Паветра было вільготнае... Сцяжына вілася між кустоў і дрэў... Перасякалі яе, як набрынялыя вены, магутныя карані лясных волатаў. Лес станавіўся ўсё гусцейшы.

«Напэўна, паблізу будзе рачулка», — думаў Забава. У адным месцы давялося яму затрымацца даўжэй. З левага боку ад сцяжыны, па якой ішоў, адчуў на сабе погляд. Спыніўся... Злавесныя фасфарычныя вочы глядзелі з цёмнай глыбіні лесу.

«Што за д’ябал?! Можа гэта рысь?» — падумаў Забава. Навёў рулю рэвальвера ў тым кірунку... Вочы не міргнулі. Гэтак жа холадна і жорстка, свецячы злымі агеньчыкамі, упарта глядзелі на яго. Забава пачаў шоргаць нагамі па зямлі, пакуль не наткнуўся на паўзгнілую галіну. Падняў яе, не спускаючы вачэй з хмызняка, дзе засеў невядомы яму звер, потым кінуў галіну ў тым кірунку. Зрэнкі на момант патухлі. «Прыжмурыліся», — падумаў Забава. Потым вочы зноў засвяціліся — халодныя, жорсткія, нібы нечага чакалі. «Шкада, што няма ліхтарыка», — падумаў. Вырашыў даследаваць, што гэта за вочы такія? Жадаў стаць твар у твар з невядомасцю, каб увесьчасна не чакаць нападу збоку ці ззаду. Навошта яму гэты клопат? Выняў другі рэвальвер і рушыў наперад, на вочы. Напаўсагнуты, сабраны, гатовы да нападу і абароны, зрабіў больш як дзесяць крокі і... убачыў на нейкім лясным пустазеллі два светлячкі. Ляжалі так, што адлегласць паміж імі раўнялася прыблізна адлегласці паміж вачыма драпежнага звера — рысі або ваўка...