Читать «Пяты этап» онлайн - страница 72

Сяргей Пясецкі

— Уй, спадарочку, я багатая! Вельмі багатая! Гэта мае дыяменты!

Заўважыў, што ў габрэйскіх сем’ях дзеці больш паважаюць бацькоў, чым у хрысціянскіх. Рэдка здараецца, каб у сям’і габрэяў дзеці кінулі старых бацькоў, а ў сялян і мяшчан-хрысціян — гэта надараецца. У габрэяў сям’я больш з’яднаная, чым у нас.

Калі днём я пайшоў да камандавання мытнага батальёна па дакументы, прыкмеціў на Букраўцы мужчыну старэйшага веку, які, як разміналіся з ім, уважліва прыглядаўся да мяне. Я не звярнуў на яго вялікай увагі і пайшоў далей. Калі Букраўкай вяртаўся ў горад, убачыў двух паліцыянтаў, што ішлі мне насустрач. Захоўваючы ўсяляк асцярогу, наблізіліся да мяне і запатрабавалі дакументы, былі пільныя, каб замест пасведчання я не выняў з кішэні рэвальвер... Абодва трымалі правыя рукі ў кішэнях, а пальцы пэўна ж на рэвальверных курках. Я падаў ім службовае пасведчанне... Падзякавалі і прабачыліся. Спытаўся ў іх:

— Вас, напэўна, напусціў на мяне шляхцюк, які тут праходзіў паўгадзіны таму?

Пацвердзілі. Я ўспомніў, што гэта быў той самы шляхцюра, на якога нацкаваў мяне ў Воўкаўшчыне Адам Каліноўскі і якога хацеў застрэліць на ягоным падворку.

У Воўкаўшчыне браты Юзаф і Браніслаў Каліноўскія прывіталі мяне на двары, заяўляючы:

— Адам звар’яцеў!.. Што рабіць?..

Пайшоў з імі ў пакой, дзе на ложку ляжаў Адам. Быў апрануты. Ляжаў ніцма і няспынна лупіў кулаком у біла драўлянага ложка... Пазнаў мяне адразу і зрабіў братам знак рукой, каб выйшлі з пакоя. Потым сеў і сказаў умольна:

— Схадзі, пан, да Меляховіча!

— Навошта? — здзівіўся я.

— Каб пагаварыць з Люцыяй.

Пазней ад ягоных братоў даведаўся, што Меляховіч мае трох дачок. У малодшую, Люцыю, Адам закахаўся і хацеў узяць з ёй шлюб перад выездам у Амерыку да сваякоў, якія намерваліся ў хуткім часе даслаць яму «шыфратэлеграму». Бацька Люцыі на шлюб не згаджаўся. Каліноўскія, як я зрабіў выснову, таксама былі супраць. Вось якраз ад усяго гэтага Адам звар’яцеў... Потым я разважаў над тым, як, паддаючыся на ўгаворы вар’ята, ледзь не нарабіў бяды. Праўда, быў я п’яны, але павінен больш крытычна ставіцца да фантастычных аповедаў Адама пра ўбачаных ім у сутарэннях хаты Меляховіча людзей... А можа, я таксама вар’ят, у якога вар’яцтва выяўляецца, калі нап’юся?

Увечары, паводле просьбаў Адама і братоў Каліноўскіх, пайшоў да Меляховіча. Папрасіў у яго прабачэння, растлумачыў усё. Гаварылі пра рознае. Меляховіч выявіўся практычным і прагрэсіўным гаспадаром, хоць меў і абмежаваныя магчымасці. Падпісваўся нават на нейкую газету, што ў беларускай вёсцы рэч незвычайная. Пазнаёміўся і наўмысна зацікавіўся ягонай дачкой Люцыяй. Даволі сімпатычная, але я не мог зразумець, што незвычайнага знайшоў у ёй Адам, які з кахання да яе звар’яцеў.