Читать «Пяты этап» онлайн - страница 69

Сяргей Пясецкі

Паблізу гасцінца дастаў шкуркі з мяшка. Пачаў шчыльней іх скручваць, прыціскаць каленямі, каб як менш занялі месца. «Цікава, колькі гэта каштуе?» — не выходзіла з галавы думка.

Далей пакрочыў павольней, пільна прыглядаўся да дарогі, да наваколля. Меў на сабе цяжар, таму належала асцерагацца сустрэчы з узброенымі людзьмі. Ісці было цяжкавата. Часта адпачываў. Дзе-нідзе сыходзіў з дарогі і крочыў узбоч яе... Зразумеў, што да світанку не здолее перайсці мяжу, таму не спяшаўся. Вырашыў задняваць у лесе.

Маючы тавар, нідзе па лесе не блукаў. Зашыўся ў нейкае балота і там, на маленькай выспе, уладкаваўся на дзень. На тым узгорку расло некалькі бярозак і вытыркалася адна яліна, зламаная бурай на вышыні метра паўтара над зямлёй; вершаліна ўтварыла штосьці накшталт доўгага будана. Забава ўлез усярэдзіну і прыхаваў там мяшок са шкуркамі.

Дзень цягнуўся бясконца. Сонца нібыта завісла на небе. Забаву даймаў сон, але ён вырашыў не спаць. Больш як дзесяць разоў абышоў сваю пляцоўку, усё не мог дачакацца змяркання.

Было каля трэцяй па абедзе, і сонца ўжо даволі знізілася, калі Забава, лежачы пад сагнутай ялінай, пачуў нейкія шоргаты, якія вылучаліся сярод іншых лясных гукаў... Дзесьці трэснуў дубчык, хлюпнула вада ў балоце, зашастала трава. Забава агледзеў наваколле. Пасля працяглага ўзірання заўважыў у далечыні мужчыну, апранутага на манер засцянковага шляхцюка ў чорны сурдут, высокія боты і цёмна-сінюю шапку з лакіраваным брыльком. Спыніўся на адлегласці ста крокаў ад Забавы і ўважліва аглядаў мясцовасць. Зноў пакуламесіў па балоце. Зварочваў направа і налева, апісваючы кола, аглядаў зямлю пад нагамі. Забава занепакоіўся, але нікога больш не бачачы паблізу, вырашыў яшчэ пачакаць. А мужчына ў чорным сурдуце ўсё кружляў паблізу выспачкі, ходзячы ў радыусе прыблізна ста крокаў. Працягвалася гэта каля паўгадзіны.

«Якога д’ябла? Чаго ён хоча? — думаў са злосцю Забава. — Хай сюды прыйдзе, я яго прывітаю! Шукае гузака, ён яго знойдзе!»

Незнаёмы, пераскокваючы з купіны на купіну, праходзіў праз багну ў кірунку выспы. Забава прысеў на кукішкі ля ствала паваленай яліны і чакаў. Калі мужчына ў чорным сурдуце ступіў на выспу, дык атрымалася так, што спыніўся акурат ля ствала яліны, а паколькі круціўся, уважліва аглядаючы адсюль балота, дык Забава ў нейкі момант апынуўся за яго спінай. Выпрастаўся і паклаў яму левую руку на плячо.

— О... о... о..! — выгукнуў мужчына, адскочыўшы.

— Ла-апкі ўгору! — працадзіў праз зубы Забава.

Незнаёмы, ахоплены жахам, падняў рукі ўгору, не зводзячы вачэй з рэвальвернай рулі, быццам штохвіліны чакаючы стрэлу.

— Садзіся! — сказаў Забава.

Незнаёмы пахопліва сеў. Забава абшукаў яго кішэні, знайшоўшы ў іх: сцізорык, тытунь, газетную паперу... Зброі і дакументаў не было.

— Ты адкуль?

— З Краснага.

— Як прозвішча?

— Бакут.

— Чаго тут лазіш?

— Так сабе...

— Так сабе?.. Ведаю вас: самагонныя апараты хаваеце!.. Так? А ты тут пільнуеш! Так?