Читать «Пяты этап» онлайн - страница 68

Сяргей Пясецкі

Заўтра я вяртаюся ў Польшчу.

V. КУРЫЛЬНАЯ ПАПЕРА «Solali»

Жыццё журботнае І вельмі сумнае,

Няхай прынамсі Не будзе нуднае.

Яўгенія Яноўская

Ноч была цёмная. Зоркі, як дзяўчаты на луг, весела высыпалі на цёмнае неба і залётна міргалі залатымі вачыма.

Забава хутка крочыў наперад, бо дарога трохі падсохла, і побач гасцінца была добра пратаптаная сцяжына. Маглі, што праўда, здарыцца яму на той сцежцы не вельмі прыемныя сустрэчы, але разлічваў на добрыя дакументы, а найперш на выдатную зброю. Натуральна і ноч — даволі цёмная — была яго надзейнай хаўрусніцай. Вочы, звыклыя да цемры, асветленай бляскам зорак, бачылі мясцовасць на значнай адглегласці.

За вёскай Мядзведжына злева ад гасцінца пачуў яхканне сабакі. Спыніўся, некалькі хвілін прыслухоўваўся. Сабака ўядаў па-ранейшаму.

«Напэўна, на хутары», — падумаў. Рушыў далей.

Да брэху сабакі дадаўся звон жалезных путаў на конскіх нагах. «Пастухі з коньмі», — падумаў Забава.

Злева ад дарогі ляжаў вялікі, бясформенны, абымшэлы валун. На ім Заба­ва заўважыў застылую чалавечую постаць. Асцярожна наблізіўся. Гэта стаяў апрануты ў сярмягу падлетак, які, прапускаючы Забаву, пільна ў яго ўзіраўся. Забава быў у чорнай куртцы і цывільнай шапцы, бо вайсковую форму, занадта шырокую, аддаў на перашыў, і спадар Юзаф паабяцаў забраць яе ад краўца, калі той зробіць.

Забаву трохі здзівіла прысутнасць адзінокага хлапчыны на тым камені, але пашыбаваў далей, не надаючы гэтаму вялікага значэння. Неўзабаве пачуў ззаду моцны свіст.

«Ого, сігнал!» — падумаў Забава, дастаючы рэвальвер і азіраючыся.

Налева ад гасцінца цягнуліся шырокія прасторы палёў, і адразу пры дарозе страката струніліся вузкія палоскі сенажацяў, дзе-нідзе адмежаваныя ад яе кустамі. У тым месцы дарога цягнулася па краі высокага адхону... Забава заўважыў на ім тры постаці ў сялянскіх світках, што беглі ў кірунку гасцінца. Адна з іх пасунулася наперад, імкнучыся адрэзаць Забаву дарогу спераду. Забава запаволіў крокі...

Калі першы селянін быў ужо блізка дарогі, Забава скокнуў да яго, двойчы стрэліўшы над ягонай галавой і крыкнуў:

— Лягай!

Селянін спыніўся знямелы. З рук выпаў абрэз. Два ягоныя хаўруснікі завярнуліся і на ўсю моц прыпусцілі назад. Забава некалькі разоў стрэліў, крычучы: «стаяць!», але тыя ўцяклі.

— Ты што хацеў? — спытаў у селяніна, які проста трымцеў ад страху. Гадоў яму было пад трыццаць.

— Мы... мы... таварышу... Мы пастухі...

— Бандыты, суччыны дзеці, а не пастухі!

— Не, таварышу... мы з коньмі...

Забава ўрэзаў яму кулаком з заціснутым рэвальверам у твар. Селянін захінуў галаву рукамі. Забава стукнуў яшчэ раз. Селянін з енкам цяжка зваліўся на дарогу. Забава падняў з зямлі абрэз і пайшоў далей, пакінуўшы чалавека, які качаўся на дарозе ад болю. Неўзабаве сышоў з гасцінца і праз палі пашыбаваў убок нябачнага ў цемры лесу. Калі апынуўся над возерам, шпурнуў абрэз у ваду. Затвор кінуў у возера ў іншым месцы.

«Пастухі! — думаў Забава. — Адважныя хамы, бач ты на іх — дарогу заступаюць».

У лесе пад Старым Сялом спыніўся ля тэлеграфнага слупа побач гасцінца. Ад таго слупа скіраваў у лес. Зрабіўшы некалькі крокаў паміж дрэвамі, знайшоў зламаную лапу яліны і зняў з дрэва мяшок са шкуркамі.