Читать «Пяты этап» онлайн - страница 26

Сяргей Пясецкі

Я намерваўся рапартаваць пра поўны бардак на мяжы адносна дапамогі агентам, помнячы пра сваё начное блуканне, але не хацелася гэтага рабіць, каб на мяне хтосьці меў зуб. Наважваюся ў будучым сам сябе забяспечваць інфармацыяй, не спадзявацца на чужы спрыт. Хіба не камічна: ракаўскі шавец даў мне лепшую наводку, чым людзі, для якіх гэта было абавязкам. Калі б не яго інфармацыя пра дарогу ў Менск, я мог бы зайсці невядома куды.

Атрымаў штабныя нямецкія карты свайго адрэзка мяжы і ўважна праштудзіраваў іх, убіваючы сабе ў памяць кожную дэталь дарогі, аналізуючы прычыны папярэдняга блукання.

Сёння прадаў выламаныя з бранзалета дыяменты. Атрымаў за іх 270 даляраў. Дыяменты напраўду былі «чыстай вады» і сапраўды пацягнулі больш за 3 караты. Замовіў дарагія і зручныя боты, якія сядзяць на нагах быццам улітыя. Гэта для мяне важная рэч — з ног я жыву. як воўк. Купіў выдатны рэвальвер-парабелум, да яго 6 запасных магазінаў і 100 патронаў. Вельмі люблю рэвальверы гэтай сістэмы. Пры беражлівым карыстанні яны надзейная зброя. А як зручна кладзецца ў далонь і з якой хуткасцю можна страляць і перазараджаць абоймы! Цудоўны «капыт». Дакладней: не капыт, а жаночая ножка. Апрача таго, купіў добры компас фірмы Бэзард. Вельмі зручны. Мае далікатную фасфарыстычную стрэлку і выразныя дзяленні. У дарозе яго можна павесіць на грудзі і мець вольнымі рукі.

Сёння быў я ў Кароля Фарбы (мужа Ядвігі Двалінскай) і аддаў яму ліст ад жонкі. Спадарыня Ядвіга дала мне ліст незаклееным. «Хай пан прачытае», — сказала мне. Я прачытаў. Хтосьці здзівіцца, што можна чытаць чужыя лісты, але тут іншая рэч: на выпадак правалу мне трэба ведаць, што я маю пры сабе.

Фарба толькі похапкам прабег вачамі ліст, напісаны добра вядомым яму почыркам.

Менск, 9 жніўня 1922 г.

Каханы Каролю!

Чаму так даўно ты не пішаш? Знаёмыя часта атрымліваюць лісты з Польшчы праз Рэпатрыяцыйную Камісію і праз рэамігрантаў, а ты нічога не пісаў. Становішча наша вельмі цяжкае. Тата ледзь-ледзь сабе на кавалак хлеба зарабляе, а тут яшчэ я з Андзяй... Андзя мае ўжо 5 годзікаў, а выглядае на 3. Гэта таму, што дрэнна харчуецца. Не хапае нам самых неабходных рэчаў, не кажу ўжо пра хлеб. Ты, можа, гэтага не разумееш? Дапамагаюць нам трохі матуліны сваякі з вёскі.

Як найхутчэй паклапаціся пра наш выезд у Польшчу. Гэтулькі знаёмых ужо выехала, а мы ўсё чакаем.

Дзякуй за фотаздымак. Пішы, што ты надумаеш? Прывітанне ад таты, матулі і Андзі. Моцна цалую Цябе.

Ядзя.

— Як яна выглядае? — спытаў мяне Кароль.

Гэта пытанне не пра здароўе, а толькі пра выгляд жонкі, нагадала мне словы пана Юзафа: «...проста пра сваю ўласнасць нагадвае. Як пра карову або казу». Таму я адказаў:

— Выдатна! Цудоўна! Упершыню ў жыцці бачыў такую красуню! Калі прыедзе ў Вільню і добра апранецца, дык усіх вільнянак зацьміць прыгажосцю.

Задаволеная ўсмешка загуляла на ягоных вуснах:

— А я. цешуся. радуюся. — муркатаў, ледзь не аблізваючыся.

Ні здароўем дачкі і іх матэрыяльным становішчам не пацікавіўся. «Добры з цябе гусак!» — падумаў я. Кароль пажадаў абавязкова пайсці са мной у рэстаран — пачаставаць за паслугу. Я адгаварыўся. Настойваў. Я сказаў: «Ужо і так пад градусам, а калі яшчэ дадам, дык магу каму-небудзь гарбуз бутэлькай раскроіць!» Усё ж на развітанне я паабяцаў яму перад ходкай за мяжу зайсці па ліст.