Читать «Пяты этап» онлайн - страница 24

Сяргей Пясецкі

З захаду падыходзіла навальніца. Верхам гнала перад сабою статак парваных ветрам аблокаў. Усё замерла. Удалечыні, нізка над дрэвамі, паказалася чарада чорных хмараў. Паўзла павольна. цёмная, змрочная, жудасная. Раптам спынілася адразу над лесам. Збілася цясней, нібы збіраючы сілы да нападу, і. праз імгненне цяжка абрынулася на лес, як туша велізарнага звера на лугавую траву. Лес нібы вохнуў і задрыжаў. Нібы заслонай наваліўся змрок. Стрэлілі маланкі, белымі, блакітнымі і залатымі ніткамі працінаючы цемру. Цяжка ўздыхнулі перуны і з трэскам разарвалі паветра на тысячы шматкоў. Рыкнулі нізка, цяжка, глуха.

Бура шалела. А праз буру, лівень, віхуру няспынна цягнуўся наперад чалавек. У руцэ меў наган, у кожны момант гатовы страляць.

«Каб толькі не збіцца з дарогі», — трывожна думаў Забава.

Праз гадзіну бура мінула. Дождж сцішэў, а потым і зусім перастаў. Толькі па-ранейшаму валадарыла ноч. Ноч цёмная, непраглядная, ноч гэткая чорная, што, здавалася, можна па ёй, як па сажы, маляваць пальцам. Уласнай далані перад вачыма не было відаць. І чалавек у ёй быў быццам акунуты ў дзёгаць.

Ідучы па невядомай дарозе наперад, Забава часам напорваўся на дрэвы, некаторы час кружляў, мацаючы нагамі зямлю, зноў выходзіў на дарогу і цягнуўся. у цемру і невядомую далеч.

Дарога ішла і ішла, цягнулася і цягнулася. У адным месцы натыкнуўся на нейкі слуп. Абмацаў яго рукой. Быў чатырохкутны; стаяў на невялікім капцы. Зрабіў некалькі крокаў далей і зноўку ўспёрся на слуп. Тады яшчэ не ведаў, што гэта была мяжа з пагранічнымі слупамі. Сеў на капцы. Вельмі хацелася папаліць. З цяжкасцю здолеў запаліць цыгарэту, бо запалкі адмоклі.

Выпаліў цыгарэту і рушыў далей. Ступакі гразлі ў балоце. З намаганнямі пасоўваўся наперад. Ішоў яшчэ амаль з гадзіну, зусім ужо згубіў бадзёрасць і ахвоту ісці, што звычайна здараецца, калі чалавек не мае пэўнасці, што правільна ідзе. Вось пайшла высокая трава, стаў спатыкацца на нейкіх камянях. Нешта высокае перагарадзіла яму дарогу. Абмацаў далонямі перашкоду. Гэта быў вялікі, жалезны крыж. «Могілкі — падумаў Забава. — А дзе ёсць месца памерлых, там паблізу будзе места і жывых. Ці не Койданава гэта?»

Праваруч бліснула святло. Забава зрабіў у тым кірунку некалькі крокаў і ўбачыў яшчэ плямы святла. Яго раптам ахапілі два процілеглыя пачуцці: пачуццё радасці, што знаходзіцца між людзей, і страху, што мог заблудзіцца і зайсці далёка ўглыб савецкай тэрыторыі. Крочыў нейкай вуліцай. Паміж ім і святлом, што падала з акна нябачнай у цемры хаты, прасунулася нейкая постаць.

— Якая гэта вёска? — паспешліва спытаў па-расейску Забава.

Перапалоханая жанчына адсунулася ўбок.

— Гэта не вёска. гэта Ракаў. — даляцелі да ягоных вушэй кінутыя з цемры словы.

— Ракаў!.. — паўтарыў ашчасліўлены Забава і паклаў у кішэню наган, з якога сцякала вада.

Неўзабаве быў на Букраўцы. Знайшоў менскае прадстаўніцтва пэўнай службы. Сустрэў яго ўзводны, які добра насёрбаўся.