Читать «Пяты этап» онлайн - страница 27

Сяргей Пясецкі

Дзіўная рэч: як некалькі трапных слоў могуць вычарпальна ахарактарызаваць чалавека. Гэта пра Юзафавы словы. Здавалася мне, што Фарба хвосцікам менціць. Нагадваў мне выпешчанага хатняга сабачку. Упэўненага ў доме, пры гаспадары, але хай толькі апынецца адзін па-за сценамі, хай пачуе паблізу ваўка, задрыжыць, запішчыць, хвост падтуліць: ратуйце!

Шкада спадарыні Ядвігі!.. А можа менавіта гэта ёй патрэбна?

Баранавічы, 17 жніўня 1922 г.

Я спыніўся не ў гатэлі, як звычайна гэта рабіў, а ва Уладка Каліса. Гэта мой сябар. Запрасіў мяне да сябе. Не ведаю, ці доўга ў яго буду жыць, бо не люблю быць звязаны. Але што нам будзе разам весела, гэта факт. А калі што не па мне, дык рэчы ў шкарпэтку, пашпарт, на фурманку — і зноў у гатэль.

Увечары прыйшоў Палкоўнік. Уласна кажучы, ён аніякі не палкоўнік, быў некалі капітанам у царскім войску. Капітанам, зрэшты, таксама стаў выпадкова, бо ледзь скончыў у 1915 г. скарочаны курс афіцэрскай школы, а капітана атрымаў за заслугі на фронце. Потым у адным з «белых» войскаў, што ваявала супраць чырвоных, быў ці то палкоўнікам, ці толькі выконваў абавязкі палкоўніка. З гэтай прычыны мы яго так і звалі.

Чалавек гэта вельмі цікавы, добры, зычлівы, толькі страшэнны антысеміт і п’янтос, якіх мала ў жыцці, хоць закладальшчыкаў за гальштук бачыў шмат.

Людзі — як кнігі: адна хораша пераплеценая, на добрай паперы, а пустая... Чалавек таксама быццам і прыгожа апрануты, і з добрымі манерамі, але з такой пацярухай у лабаціне, што ніводнай самастойнай думкі. Іншая кніга марная, старая, мятая, без вокладак, а праменіцца, нібы сонца, толькі што не кожны гэта разумее і бачыць. Кожная такая новая кніга — новае жыццё, арыгінальныя думкі, учынкі, пачуцці. Кожны новы чалавек, калі цікавы, дык быццам тая кніга, кніга рэальнага жыцця, запісаная на твары, вачах, рухах, гаворцы, нават маўленні.

Здаецца мне, што чалавека цяжэй спазнаць, чым увесь народ. Можа яно і памылкова, але ў гэтую хвіліну я менавіта так думаю, і дагэтуль не маю цвёрдага меркавання пра шмат якія рэчы і паняцці. Народ — гэта супольнасць, што месціцца ў пэўных вызначаных межах, у рамках тых традыцый, у якіх утвараецца культурна, і які праяўляецца пры пэўных умовах і пры пэўных акалічнасцях. Лягчэй вызначыць псіхіку англічан, чым асобнага англічаніна.

Палкоўнік бываў часам надзіва неглыбокі, недалёкі, занадта будзённы, амаль агідны, то зноўку выказваў такія прыгожыя думкі, што я шчыра дзівіўся. Рабіў ён усё гэта з блазенскім смехам. На сур’ёзную размову яго было не выцягнуць. Было відавочна, што ў пустэчы бессэнсоўнага жыцця хацеў утапіць нейкі вялікі, надзвычай вялікі боль. Калі выпіваў, дык ягоным аповедам і жартам не было канца. У ягоных апавяданнях і анекдотах фігуравалі пераважна габрэі. Калі з гэтай прычыны я спытаў яго, чаму ён гэтак любіць біблейскі народ, адказаў мне так: